БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. 23 жніўня Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікеркай Сейма Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі закон, паводле якога беларусы могуць трапіць пад тыя ж абмежаванні, што і расіяне. Беларуская лідарка заклікала Літву захаваць рознае стаўленне да беларусаў і расіянаў, але ўраўноўваць санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. «Я разумею, што сітуацыя мяняецца і рэжым Лукашэнкі становіцца пагрозай для ўсіх нашых суседзяў, але нам неабходна шукаць рашэнні, якія найменш удараць па беларусах», – падкрэсліла Ціханоўская.
ДЗЕНЬ АБВЯШЧЭННЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ. 25 жніўня, у Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Сёння мы з вамі мусім ізноў змагацца за сваю незалежнасць. Бо зараз яна пад самай вялікай пагрозай за ўсю найноўшую гісторыю». Ціханоўская падкрэсліла, што менавіта цяпер – самы час нагадаць адно аднаму, што такое сапраўдная незалежнасць.
ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ УКРАІНЫ. 24 жніўня Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінскага народа з нагоды Дня незалежнасці Украіны: «Мы схіляем галаву перад вашай мужнасцю і стойкасцю. Вашая барацьба за сваю свабоду – натхняе ўвесь свет. І я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы». Беларуская лідарка адзначыла, што беларусы і ўкраінцы адновяць добрыя адносіны, а тыя, хто ўвязаў Беларусь у вайну – абавязкова панясуць адказнасць. Святлана Ціханоўская пажадала ўкраінцам сустрэць наступны Дзень незалежнасці ў мірнай і свабоднай краіне.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМІ. 22 жніўня, у дзень народзінаў палітзняволенага Паўла Белавуса, Святлана Ціханоўская выказала яму словы падтрымкі і заклікала беларусаў працягваць яго справу: «Павел Белавус рабіў усё дзеля таго, каб у беларусаў была магчымасць падкрэсліваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць насуперак прарасійскай палітыцы. Дык давайце разам працягваць яго справу – размаўляйце па-беларуску, падтрымлівайце кантэнт на роднай мове і ўпрыгожвайце сябе рэчамі з нацыянальнай айдэнтыкай. Шануйце сваё і сваіх!»
БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька знаходзіўся з працоўным візітам у Кіеве і суправаджаў аўтамабіль для медычнай роты палка Каліноўскага. Падчас сваёй паездкі ва Украіну сустрэўся з кіраўніком дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны Вадзімам Галайчуком, правёў шэраг кансультацый з дэпутатамі, а таксама сустрэўся з намеснікам кіраўніка фракцыі «Бацькаўшчына» у Вярхоўнай Радзе Украіны Сяргеям Собалевым. Акрамя гэтага, ён правёў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ва Львове.
МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. Падчас Канферэнцыі «Новая Беларусь-2023» Святлана Ціханоўская прызначыла Маргарыту Ворыхаву дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнцтве. Маргарыта з’яўляецца прэзідэнткай моладзевай арганізацыі «РАДА» і прадстаўляе Беларусь у Кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе з Еўрасаюзам. Маргарыта запісала відэа, у якім агучыла асноўныя кірункі працы і распавяла пра планы: «На сваёй пасадзе я планую займацца аб’яднаннем моладзевых ініцыятываў і арганізацый, актывістаў і актывістак, студэнтаў і студэнтак у адзіную салідарную супольнасць».
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. На канале Валанцёраў Офіса апублікаваныя два вялікія інтэрв’ю. Першае, з гісторыкам Яўгенам Красуліным пра пераход ад дыктатуры да дэмакратыі і метады, якія прапануе гісторыя для змагання за свабоду. Другое, з журналісткай і даследчыцай Atlantic Council Ганнай Любаковай пра прасоўванне беларускай тэмы ў міжнародных медыя і аналітыку па Беларусі.