КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ ІІ. 22-23 красавіка ў Вільні з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай сабраліся прадстаўнікі больш чым 100 арганізацый, суполак і ініцыятываў беларусаў замежжа. Галоўныя мэты канферэнцыі: палепшыць супрацу паміж палітычнымі цэнтрамі і дыяспарай, і выпрацаваць праекты і кампаніі для супольнай дзейнасці. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці канферэнцыі і прывітала ўдзельнікаў. А таксама падчас першай панэлі агучыла галоўныя прыярытэты працы Офіса і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў замежжа з заклікам выходзіць на Чарнобыльскі шлях у сваіх гарадах 26 красавіка. Сама Ціханоўская далучыцца да акцыі ў Вільні.
БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. 20 красавіка Сейм Літвы абсалютнай большасцю галасоў (99 супраць 7) прыняў спрыяльную беларусам версію закону аб абмежавальных мерах у дачыненні да грамадзянаў Беларусі і Расіі. «Толькі што Сейм Літвы прагаласаваў за законапраект з больш мяккімі ўмовамі для беларусаў. Я дзякую ўсім дэпутатам, якія нас падтрымалі!» – пракаментавала Святлана Ціханоўская. Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька ў гэты момант знаходзіўся ў Сейме і пасля галасавання запісаў відэа з вынікамі: «Сейм Літвы падзяляе рэжым і беларусаў».
АДУКАЦЫЯ. 21 красавіка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з новым рэктарам ЕГУ прафесарам Кшыштафам Рыбіньскім, на якой абмяркоўвалі стыпендыі для студэнтаў, праграмы па беларусазнаўстве, супрацу ЕГУ з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнымі сіламі.
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэсту «Асвета», дзе сабраныя міжнародныя магчымасці для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.
РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У пятніцу, 21 красавіка, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 13 красавіка валанцёры Офіса правялі размову з полісі-сакратаром БНМС «РАДА» Зміцерам Герыловічам. Размаўлялі пра моладзевую палітыку дзяржавы, магчымасці для беларускай моладзі і перспектывы ў Беларусі. Прачытаць інтэрв’ю цалкам можна па спасылцы.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ПОМНІКАЎ І ГІСТАРЫЧНЫХ МЕСЦАЎ. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Беларуская культура – гэта тое, што робіць нас асобнай нацыяй. Гэта тое, што захоўвае нашую нацыянальную ідэнтычнасць і не робіць нас часткай «русского мира», як таго хоча рэжым. Таму нашая галоўная задача – кожны дзень захоўваць і павялічваць нашую культуру».
БЕЛАРУСЬ-СЛАВАКІЯ. 19 красавіка Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе новага амбасадара Славакіі ў Латвіі і Літве Браніслава Паўловіча. Бакі абмеркавалі прыцягненне рэжыму да адказнасці, візы для беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсій, і дапамогу беларускім валанцёрам ва Украіне.
ДЫСКУСІЯ: БЕЛАРУСЬ-РАСІЯ. 27 красавіка, а 17:00 (па Мінску) Даследчы цэнтр Офіса Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі зладзяць вэбінар, дзе абмяркуюць мінулае, сучаснасць і будучыню палітычных адносінаў Беларусі і Расіі. Дакладчыкі: Аркадзі Мошэс, Рыгор Ніжнікаў, Генадзь Коршунаў. Каб прыняць удзел, рэгіструйцеся па спасылцы. Аналітычныя брыфы па выніках папярэдніх вэбінараў вы можаце прачытаць тут.
ВІЗІТ У ГЕРМАНІЮ. 24-25 красавіка Святлана Ціханоўская наведае Германію з працоўным візітам. Там яна правядзе сустрэчы ў канцылярыі Шольца, сустрэнецца з міністрам фінансаў, парламентарамі Бундэстагу і беларускай дыяспарай. Таксама яна выступіць з прамовай каля Брандэнбургскай брамы.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Обычное утро (Беларусь), ТВ-3 (1, 2, 3) (Літва), Delfi (Літва), BBC R5 Live (Вялікабрытанія, міжнароднае).