Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Бруселі, дзе сёння, 8 снежня, сустрэлася з камісаркай Еўрапейскага Саюза па пытаннях пашырэння Мартай Кос. Камісарка паведаміла Ціханоўскай пра пакет дапамогі ў 30 мільёнаў еўра, які будзе накіраваны на беларускія праграмы ў 2026 годзе.
Беларуская лідарка падзякавала Марце Кос і Еўрапейскаму Саюзу за паслядоўную, прынцыповую пазіцыю і падтрымку рэпрэсаваных і незалежных журналістаў.
Нагадаем: дэмакратычныя сілы не ўдзельнічаюць у размеркаванні гэтай дапамогі. Гэта робіцца праз еўрапейскія праграмы падтрымкі і конкурсы для беларускіх і замежных НДА, якія працуюць па Беларусі. Дапамога будзе накіраваная перадусім на падтрымку рэпрэсаваных, незалежнай журналістыкі і грамадзянскай супольнасці.
Звычайна замежная дапамога, якая выдзяляецца на Беларусь, пакрывае наступныя напрамкі:
– падтрымка незалежных медыя і журналістаў (у тым ліку расследаванні, стварэнне кантэнту, ініцыятывы блогераў);
– праца аналітычных цэнтраў, экспертныя даследаванні;
– праваабарончая дзейнасць і маніторынг рэпрэсіяў (дакументаванне злачынстваў, ініцыятывы па прыцягненні да адказнасці);
– дапамога рэпрэсаваным і іх сем’ям (юрыдычная падтрымка, рэлакацыя, рэабілітацыя);
– ініцыятывы грамадзянскай супольнасці як унутры краіны, так і за мяжой;
– адукацыйныя праграмы (стыпендыі, даследаванні, абмены, трэнінгі, праграмы для моладзі, праграмы лідарства);
– культурніцкія праекты;
– лічбавая бяспека;
– падтрымка беларускай дыяспары і малога бізнесу беларусаў у выгнанні;
– падтрымка дэмакратычных інстытутаў і інш.
Як размяркоўваецца замежная дапамога, глядзіце па спасылцы ў нашым відэа.
