• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Агляд падзеяў у сферы адукацыі і навукі. Ліпень 2026

    20 жніўня, 2026

    Падзеі ў Беларусі.

    • Статыстыка замежных студэнтаў

    У ліпені міністр адукацыі Беларусі А. Іванец і намесніца Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч настойліва распаўсюджвалі інфармацыю, што ў краіне навучаецца 37 тыс. замежных студэнтаў і што іх колькасць за апошнія чатыры гады павялічылася на 10 тыс., а таксама, што кожны трэці замежны студэнт, 12,3 тыс. — з Кітая. Разам з тым згодна з апублікаванымі ў тым самым месяцы звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта колькасць замежных студэнтаў значна меншая — 24,5 тыс. чалавек і за апошнія чатыры гады амаль не змянілася. А колькасць кітайскіх студэнтаў складае не 12, а 7 тыс. чалавек. Эксперты лічаць, што менавіта дадзеныя Статыстычнага камітэта ў большай ступені адпавядаюць рэчаіснасці і шматгадовым тэндэнцыям уязной акадэмічнай мабільнасці ў Беларусі.  

    • Працяг палітычных рэпрэсіяў

    Кацярына Жогаль, настаўніца гісторыі школы №124 г. Мінска была асуджаная ў Мінскім гарадскім судзе паводле часткі 1 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Прысуд — адпрацоўкі па месцы жыхарства («хатняя хімія») —  азначае забарону на прафесію без тэрміну даўнасці. 

    Працягваецца пераслед звязаны са справай ЕГУ. Ператрус адбыўся ў сваякоў пісьменніка Аляксандра Філіпенкі, які адвучыўся ўсяго адзін год у ЕГУ ў пачатку 2000-х гг., да яго закрыцця ў Беларусі.

    • Абвешчаны пачатак працы сістэмы «Электронная школа»

    З пачатку верасня 300 навучальных устаноў Беларусі пачнуць працаваць у аўтаматызаванай сістэме «Электронная школа». Лічыцца, што гэта будзе садзейнічаць падвышэнню якасці кіравання, пераходу ад папяровага дакументаабароту да лічбавага, зніжэнню нагрузкі на настаўнікаў. Будуць уведзеныя электронныя настаўніцкія журналы і вучнёўскія дзённікі. Доступ да сістэмы будуць мець не толькі чыноўнікі і педагогі, але і вучні і іх бацькі.

    • Вынікі набору ў ВНУ 2026 г. 

    Незалежныя эксперты прааналізавалі вынікі набору студэнтаў у беларускія ВНУ. Найбольшую ўвагу і грамадскі рэзананс выклікала істотнае зніжэнне прахадных балаў на медычныя спецыяльнасці. Напрыклад, на педыятрычным факультэце Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта прахадны баль на бюджэт знізіўся на 49 балаў: з 368 у мінулым годзе да 319; на фармацэўтычным факультэце — на 98 балаў: з 381 да 283. У Віцебскім медычным універсітэце да апошняга моманту завяршэння кампаніі не было зразумела ці ўвогуле адбудзецца набор. Згодна з меркаваннямі экспертаў гэта звязана як са значным павелічэннем бюджэтных месцаў на гэтыя спецыяльнасці, так і адмоўным уздзеяннем «прымусу да акадэмічнага рабства», звязаным з абавязковымі адпрацоўкамі пасля заканчэння.

    • Мілітарызацыя адукацыі

    У ліпені завяршыўся першы рэспубліканскі агляд-конкурс сторю і патрыятычнай песні. Паведамляецца, што ў ім прынялі ўдзел сотні школ. Пераможцы — каманды ад кожнай вобласці і г. Мінска — сустрэліся ў сталіцы ў пачатку ліпеня. 

    Афіцыйна абвешчаная мэта агляду-конкурсу — «умацаванне грамадзянскай пазіцыі моладзі і павагі да гісторыі Узброеных Сіл».

    У ліпені адбыўся фінальны этап рэспубліканскай ваенна-прыкладной гульні «Прарыў». Яна разлічаная на студэнтаў ВНУ і ўключае ў сябе практыкаванні па ўзвядзенні фартыфікацыйных умацаванняў, стральбе, кіраванні БПЛА. «Прарыў» разам з «Зарнічкай», «Зарніцай» і «Арлянятамі» стварае сістэму вайсковых гульняў, якія ахопліваюць усе ўзроставыя групы ад малодшых школьнікаў да студэнтаў універсітэтаў. Гэтыя мерапрыемствы не маюць аналагаў у гісторыі адукацыі Беларусі і сведчаць аб далейшым умацаванні мілітарысцкага трэнда ў сістэме выхавання.

    • Міжнародныя кантакты 

    7 ліпеня 2026 г. Міністр адукацыі А. Іванец правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Манголіі ў Беларусі Гунаажаў Байгалмаа. Тэма перамоваў — актывізацыя двухбаковага ўзаемадзеяння, прафесійная адукацыя, павышэнне кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу

    Падзеі ў замежжы

    • Апублікаваная новая манаграфія В. Шадурскага

    Новая манаграфія вядомага даследчыка найноўшай гісторыі Беларусі Віктара Шадурскага «Зямля пад шэрымі крыламі. Рэспубліка Беларусь: суіснаванне і канфлікт аўтарытарнай улады і грамадзянскай супольнасці (лістапад 1996 – жнівень 2020 гг.)» выйшла дзякуючы Фонду «Камунікат». У ёй прааналізаваны працэс пабудовы адміністратыўнага і рэпрэсіўнага апарату, які дазволіў уладзе задушыць масавыя пратэсты 2020 года. Асобная ўвага надаецца аналізу непразрыстасці выбарчай сістэмы ў Беларусі, эвалюцыі сацыяльна-эканамічнай мадэлі, а таксама асноўным напрамкам знешняй палітыкі дзяржавы

    • Алесь Бяляцкі падтрымаў стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча

    Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі далучыўся да падпісантаў адкрытага ліста за стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча. Сваю падтрымку праекту ўжо выказалі лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, прафесарка гісторыі Марсі Шор і прафесар філасофіі Джэйсан Стэнлі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza Адам Міхнік, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні Івонка Сурвіла, украінскі гісторык Яраслаў Грыцак, а таксама даследчыкі, выкладчыкі і эксперты з ЗША, Канады, Злучанага Каралеўства, Аўстрыі, Бельгіі, Літвы, Нарвегіі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны і Беларусі.

    Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча — зарэгістраваная ў Польшчы грамадская ініцыятыва па стварэнні нацыянальнай беларускай вышэйшай установы

    • Апублікаваны дайджэст замежнай беларусістыцы за 2-гі квартал 2026 г.

    На анлайн платформе H-Belarus з’явіўся дайджэст замежных публікацый па беларусістыцы за  2 квартал 2026 г. Ён уключае ў сябе 27 адзінак. У тым ліку манаграфіі І. Раманавай, М. Галаванавай і Т. Вейлера, Н. Панкратавай, пераклад вершаў Л. Геніўш, артыкулы Т. Астроўскай, С. Бедфард, Е. Карасцялёвай, К. Персан-Лужынай і інш. 

    • Круглы стол «Беларускі ўніверсітэт у выгнанні: вопыт, адказнасць і будучыня»

    Анлайн круглы стол «Беларускі ўніверсітэт у выгнанні: вопыт, адказнасць і будучыня» адбыўся 20 ліпеня 2026 г. Ён быў арганізаваны Беларускай асацыяцыяй адукацыі і навукі. У дыскусіі прыняло ўдзел каля 20 экспертаў, грамадскіх дзеячаў, лідараў грамадскай думкі. У цэнтры ўвагі апынуліся беларускія інстытуцыі і ініцыятывы вышэйшай адукацыі ў замежжы: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Беларуская акадэмія, Вольны ўніверсітэт, Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча, а таксама іншыя даследчыя, адукацыйныя і стыпендыяльныя праграмы.

    Дыскусія паказала, што пытанне беларускага ўніверсітэта ў выгнанні захоўвае актуальнасць. У розных выступах паўтараліся тэзісы пра неабходнасць захавання беларускай акадэмічнай суб’ектнасці, высокай якасці даследаванняў і адукацыі, празрыстых механізмаў кіравання, фінансавай устойлівасці і адказнасці перад беларускім грамадствам.

    Фота: Budzma.org

    Апошнія навіны