• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Канферэнцыі салідарнасці

    06 лютага, 2021

    «Дарагія сябры,

    Я хачу прывітаць усіх беларусаў на радзіме і за мяжой, а таксама ўсіх, хто вырашыў падтрымаць наш народ у гэтыя дні салідарнасці!

    Паўгоду таму беларусы пайшлі на выбары і прагаласавалі за перамены. Былы прэзідэнт прайграў тыя выбары, але адмовіўся прыняць волю народа і распачаў супраць яго тэрор. Гэта значыць, што ён прайграў канчаткова. Беларусы ніколі не прызнаюць уладу, якая карыстаецца гвалтам і прымусам. Сапраўдная ўлада ў Беларусі – гэта яе народ. Беларусы даказалі самім сабе і ўсяму свету, што могуць самі вырашаць уласны лёс. Наша мэта – вярнуць свабоду і закон у нашу краіну. Мы абавязкова дасягнем яе, а любыя перашкоды на гэтым шляху – часовыя. І таму вельмі важна заставацца максімальна аб’яднанымі і выказваць падтрымку адзін аднаму: унутры Беларусі і за яе межамі.  

    Сёння і заўтра па ўсім свеце будуць ладзіцца акцыі салідарнасьці з Беларуссю. Беларусы і іх сябры ў розных краінах арганізуюць маршы, пікеты, канцэрты, марафоны, выставы і дыскусіі, каб паказаць, што дыяспара і міжнародная супольнасьць заўсёды памятаюць пра нашу краіну. Словы і жэсты падтрымкі вельмі важныя, але іх недастаткова. Яшчэ вельмі шмат можна і трэба зрабіць, каб дапамагчы тым, хто зараз змагаецца за свабоду ў Беларусі.

    Словаў недастаткова для Ігара Поварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара, якім на мінулым тыдні прысудзілі да трох гадоў калоніі за спробу забастоўкі на Беларускім металургічным заводзе. Таму трэба зрабіць усё, каб міжнародныя кампаніі спынілі супрацу з тымі беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, дзе да працоўных ставяцца як да рабоў. Стачкамы Беларуськалія, Гродна-Азота, Нафтана зараз на перадавой забастовачнага руху, і ім патрэбная дапамога.

    Словаў недастаткова для Арцёма Сарокіна, які паведаміў дэталі дыягназу забітага Рамана Бандарэнкі і цяпер знаходзіцца ў СІЗА, а таксама іншых дактароў, якія штодня рызыкуюць здароўем і ратуюць беларусаў у другую хвалю каранавіруса, пакуль улады працягваюць хлусіць пра колькасць хворых і памерлых, а таксама ніяк не перашкаджаюць хваробе распаўсюджвацца ў турмах і ізалятарах. Неабходна біць ва ўсе званы, каб у свеце сталі зразумелыя масштабы гэтага злачынства. Беларусам патрэбная дапамога міжнароднай супольнасьці ў часы пандэміі, у прыватнасці, доступ да разнастайных правераных вакцынаў, а беларускія медыкі маюць патрэбу ў абароне іх асабістых і прафесійных правоў.

    Словаў недастаткова для незалежных выдаўцоў Генадзя Вінярскага і Андрэя Янушкевіча, якім зараз забараняюць друкаваць кнігі па-беларуску, або для чатырох гандляроў сувенірамі з крамы «Сымбаль», якіх кінулі ў турму за продаж беларускіх нацыянальных сьцягоў. Рэжым спрабуе сілай задушыць свабодную беларускую культуру, таму беларусам замежжа і міжнароднай супольнасьці важна яе падтрымаць. За апошнія паўгоду беларусы стварылі мноства песень, вершаў, спектакляў пра свой боль і сваю надзею. Давайце перакладзем іх на ўсе магчымыя мовы, каб свет зразумеў Беларусь!

    Словаў недастаткова для тых, хто штодня сутыкаецца з сапраўдным тэрорам. Гэта і жыхары Новай Баравой або Лебядзінага, якім міліцыя не дае спакойна выйсці на вуліцу, і юрыст Сяргей Драздоўскі, якога катавалі за дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і звычайныя мінакі, на якіх у мінулую нядзелю палявалі ў цэнтры Мінска. Пакуль закон у Беларусі не адноўлены, нам трэба на поўную сілу карыстацца міжнародным правам, фіксаваць усе парушэнні і заводзіць справы ўніверсальнай юрысдыкцыі, каб ніводзін злачынца не адчуваў сябе недатыкальным. 

    Словаў недастаткова для тых сем’яў, які месяцамі не бачылі сваіх родных і блізкіх. Эдуард Пальчыс і Аляксандр Васілевіч даведаліся пра нараджэнні сваіх дзяцей, знаходзячыся ў вязні. Мае дзеці не бачылі свайго бацьку Сяргея Ціханоўскага ўжо 8 месяцаў. А некаторыя дзеці больш ніколі не ўбачаць сваіх бацькоў, якіх забіў гэты бязлітасны рэжым.

    Словаў недастаткова, але словы таксама вельмі каштоўныя. У Беларусі зараз 227 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, а ўвогуле незаконна абвінавачаны за апошнія месяцы больш за тысячу. Ім вельмі патрэбныя словы падтрымкі. Напішыце ім лісты, дашліце паштоўкі! Гэта не дробязь. Кожны такі ліст будзе дакументам эпохі, які нашы героі захаваюць і будуць паказваць унукам у свабоднай Беларусі.

    Менавіта таму мы павінныя зрабіць яшчэ вельмі многае. Для ціску на рэжым неабходна ўвесці эфектыўныя санкцыі супраць яго «кашалькоў», сілавікоў, прапагандыстаў, тых, хто  ўдзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў, і тых, хто зараз незаконна судзіць беларусаў. Нельга дапусціць, каб злачынцы карысталіся атамнай электрастанцыяй для ядзернага шантажу суседніх краінаў. Паўсюль, дзе магчыма, варта адмовіцца ад супрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытуцыямі на карысць грамадскіх ініцыятываў. Трэба патлумачыць усяму свету, што беларусы больш ніколі ня прымуць цяперашні рэжым і што адзіны шлях да вырашэння крызісу – новыя сумленныя выбары. Важна працягваць падтрымку беларускага грамадства, асабліва тых групаў, якія найбольш церпяць у апошнія месяцы – дактароў, студэнтаў, настаўнікаў, навукоўцаў, працоўных, праваабаронцаў, валанцёраў, пенсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, адвакатаў. Асабліва я б хацела заклікаць да падтрымкі незалежных журналістаў з медыя Радыё Свабода, TUT BY, Наша Ніва, Belsat і іншых, а таксама праваабаронцаў з Вясны, Прэс-клуба і Human Constanta.

    Гэтыя словы і справы зараз вельмі важныя. Але галоўную ролю ў барацьбе за сваю свабоду граюць самі беларусы ў сябе на радзіме. І я заклікаю, нягледзячы на ўсе складанасці, не губляць веру ў сябе. Гэтым летам наш народ убачыў сваю сілу і моц і паверыў у сябе. Зараз ён праходзіць цяжкое, але неабходнае выпрабаванне. Беларусы пішуць сваю гісторыю, часам слязьмі і крывёю, але гэта наша гісторыя і мы пішам яе самі. І я ўпэўнена, што гэта гісторыя перамогі.

    Жыве Беларусь!» 

    Апошнія навіны