На палях Саміту НАТА Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Люксембургу Жанам Асэльборнам. Падчас сустрэчы абмеркавалі рэакцыю свету на смерць палітвязня Алеся Пушкіна і прыцягненне рэжыму да адказнасці праз міжнародныя механізмы і суды.
Ціханоўская і Асэльборн абмеркавалі чаканыя вынікі ад Саміту НАТА і неабходнасць асобнай дыскусіі па Беларусі. Беларуская лідарка падзякавала міністру за рашучыя выступы Люксембургу на апошніх сустрэчах міністраў замежных справаў краін ЕС. Люксембург выказаўся за ўзмацненне падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і ціску на рэжым Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.