Сёння ў Жэневе Святлана Ціханоўская правяла анлайн-сустрэчу з амбасадарамі ЕС у ААН. Ціханоўская заклікала краіны ЕС стварыць механізм ААН па расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, катаванняў і жорсткага абыходжання з мірнымі пратэстоўцамі. Яна таксама выказала надзею, што краіны ЕС падтрымаюць рэзалюцыю па Беларусі, якую плануецца прыняць па выніках 46-й сесіі ў Радзе ААН па правах чалавека ў Жэневе.
Абраная лідарка Беларусі распавяла пра тое, што рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі, і заклікала аказаць дапамогу незалежным медыя і грамадзянскай супольнасці, а таксама прыняць чацвёрты пакет санкцый ЕС ужо ў сакавіку. У санкцыйны спіс павінны ўвайсці суддзі, якія асабліва вызначыліся рэпрэсіямі над народам: 10 гадоў калоніі далі мінчуку Аляксандру Троцкаму, 2 гады калоніі Максіму Паўлюшчыку і Уладзіславу Гулісу за надпіс «Не забудем», і іншыя рэзанансныя справы. Таксама ЕС павінен апублікаваць дэталі Усёабдымнага плана дапамогі Беларусі.
«Я заклікала раней і буду заклікаць зноў да незалежнага, справядлівага і празрыстага міжнароднага расследавання сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Створаны механізм павінен атрымаць шырокі мандат і падтрымку ААН. Прыйшоў час рэальных дзеянняў – міжнародная супольнасць павінна заклікаць да адказнасці ўсіх вінаватых у злачынствах», – заявіла Святлана Ціханоўская. Яна падкрэсліла, што ажыццявіць гэта можна ў межах універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі.
Падчас анлайн-сустрэчы Ціханоўская звярнулася да паслоў, заклікаючы міжнародныя арганізацыі — ААН, АБСЕ, Раду Еўропы, Еўрасаюз – аб'яднаць намаганні для вырашэння крызісу ў Беларусі, а таксама для пачатку дыялогу з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.