Падчас візіту ў Берлін Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніком дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Кнутам Абрахамам. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, галоўны дарадца Франак Вячорка, кіраўнік міжнародных камунікацый Офіса Карым Педэрсен і Ксенія Луцкіна.
Галоўнымі тэмамі сталі магчымасць прыняцця абноўленай рэзалюцыі Бундэстага па Беларусі, аднаўленне стажыровак для беларускай моладзі, пашырэнне парламенцкага супрацоўніцтва і падтрымка беларусаў у Германіі.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
Абноўленая рэзалюцыя па Беларусі. Абмеркавалі перспектывы падрыхтоўкі і прыняцця Бундэстагам новай рэзалюцыі, якая б адлюстроўвала актуальную сітуацыю ў Беларусі.
Стажыроўкі для беларускай моладзі. Разгледзелі магчымасць аднавіць праграму стажыровак у Бундэстагу ў 2027 годзе. Раней чатыры маладыя беларусы і беларускі ўжо прайшлі такія стажыроўкі. Паводле Анатоля Лябедзькі, паўтарыць гэты досвед у наступным годзе цалкам рэальна.
Супрацоўніцтва ў межах Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Абмеркавалі ўдзел нямецкіх парламентарыяў у наступных сустрэчах Альянсу, запланаваных на снежань у Осла і чэрвень у Вільні. Важна, каб прадстаўнікі Бундэстага маглі падзяліцца досведам працы па беларускіх пытаннях.
Стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь» у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Бакі абмеркавалі працу па стварэнні такой групы і магчымасць далучэння да яе нямецкіх парламентарыяў. Кнут Абрахам узначальвае дэлегацыю Бундэстага ў ПАРЕ.
Беларускі тыдзень у Страсбургу. У красавіку 2027 года плануецца правядзенне Беларускага тыдня, падчас якога чакаецца прыняцце дзвюх рэзалюцый і арганізацыя некалькіх мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі.
Стакгольмскі форум. Абмеркавалі магчымасць правесці восенню 2027 года форум з удзелам Альянсу дэпутацкіх групаў, Офіса Святланы Ціханоўскай, парламента Швецыі і ПАРЕ. На ім прапануецца абмеркаваць, як выконваюцца рэзалюцыі, прыняцце якіх плануецца на красавіцкай сесіі.
Асобную ўвагу падчас сустрэчы надалі праблемам інтэграцыі беларусаў у Германіі. Паводле Анатоля Лябедзькі, нягледзячы на складанасці, Кнут Абрахам і яго калегі адкрытыя да далейшага супрацоўніцтва ў гэтым кірунку.
