• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Поўная прамова Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі АБСЕ

    06 кастрычніка, 2026

    «Паважаны спадар пасол Кюнгас,
    Вашы Эксцэленцыі, дарагія сябры!

    Перш за ўсё дазвольце падзякаваць Эстоніі і ўсім паўночным і балтыйскім краінам — Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Латвіі, Літве, Нарвегіі і Швецыі — і, вядома, Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ за арганізацыю гэтай своечасовай дыскусіі.

    Чатыры гады таму я ўпершыню ўзняла тут, на Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, пытанне транснацыянальных рэпрэсій.

    Тады яно не прыцягнула вялікай увагі.

    Сёння гэта ўжо глабальны выклік.

    І гэта ўжо не толькі пытанне правоў чалавека. Гэта пытанне бяспекі.

    Расія і рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваюць транснацыянальныя рэпрэсіі разам з іншымі гібрыднымі аперацыямі супраць Еўропы.

    Пасля выбараў 2020 года, якія мы, безумоўна, выйгралі, рэжым развязаў масавы тэрор.

    Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. Многія знайшлі бяспеку ў Еўрапейскім саюзе, Украіне, Арменіі ці Грузіі — і перадусім у Польшчы і Літве.

    Многія думалі: вось перасяку мяжу — і нарэшце буду ў бяспецы.

    Але можна з’ехаць з Беларусі — і КДБ усё роўна будзе пераследаваць вашых бацькоў, канфіскоўваць вашу кватэру і завочна прысуджаць вас да 15 гадоў турмы.

    Можна перавезці рэдакцыю з Мінска ў Варшаву — і ваша медыя ўсё роўна могуць прызнаць «экстрэмісцкім», а людзей у Беларусі — пераследаваць толькі за тое, што яны перадаюць вам інфармацыю.

    Можна працягваць праваабарончую ці палітычную дзейнасць з Вільні — і ўсё роўна атрымліваць пагрозы смерцю, заўважаць падазроных людзей, якія сочаць за вамі, або сутыкацца са спробамі ўзлому вашых асабістых акаўнтаў.

    Можна нарэшце атрымаць від на жыхарства ў Германіі — а потым даведацца, што ваш беларускі пашпарт ануляваны і вы не можаце яго аднавіць у пасольстве.

    Можна нарэшце запланаваць адпачынак — але ўсё роўна думаць, ці не скончыцца транзітная перасадка затрыманнем, бо рэжым унёс ваша імя ў міжнародную базу даных.

    Вось як працуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.

    Яны павінны стварыць адчуванне, што бяспечнага месца не існуе.

    Іх мэта — прымусіць іншадумцаў замаўчаць, зламаць чалавечую годнасць і пазбавіць людзей магчымасці дзейнічаць.

    Але іх мэта таксама — падарваць міжнародную бяспеку.

    Дыктатуры свядома выкарыстоўваюць адкрытасць дэмакратычных грамадстваў і злоўжываюць міжнароднымі механізмамі.

    Яны хочуць паказаць, што дэмакратыі не здольныя абараніць нават уласных жыхароў.

    Дарагія сябры!

    Дазвольце расказаць пра некаторыя інструменты, якія выкарыстоўваюць дыктатары.

    Першы — дакументы. Дакладней, пазбаўленне людзей дакументаў.

    З 2023 года пасольствы Лукашэнкі фактычна перасталі аказваць нармальныя паслугі па выдачы і замене пашпартоў. Каб аднавіць пашпарт, людзям прапануюць вярнуцца ў Беларусь.

    Але для многіх вяртанне можа азначаць арышт.

    Такім чынам, людзі апынаюцца перад немагчымым выбарам: рызыкнуць трапіць у турму — або застацца за мяжой без сапраўдных дакументаў.

    І гаворка не толькі пра тых, хто сам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Некаторых палітычных зняволеных, вызваленых у выніку перамоў пры пасярэдніцтве ЗША, прымусова вывезлі з краіны без пашпартоў і іншых дакументаў. Сярод іх — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

    Толькі ўявіце.

    Вы перажылі гады ў турме. Вы нарэшце на волі — але без пашпарта, без дома, часам без грошай і без упэўненасці ў заўтрашнім дні.

    Праблема дакументаў закранае сотні тысяч беларусаў за мяжой.

    Мы ўдзячныя краінам, якія выдаюць пашпарты замежніка і праязныя дакументы, даюць віды на жыхарства або прызнаюць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.

    Мы таксама распрацавалі ініцыятыву пашпарта Новай Беларусі як альтэрнатыўнае рашэнне. Ён пакуль не прызнаны, але яго мэта простая: дыктатура не павінна мець магчымасці кантраляваць чалавека, пазбаўляючы яго прававой ідэнтычнасці.

    Другі інструмент — лічбавыя рэпрэсіі.

    Часам мы ўяўляем дыктатуры як састарэлыя сістэмы.

    Гэта не так.

    Яны выкарыстоўваюць месенджары, распазнаванне твараў, узламаныя базы даных, шпіёнскае праграмнае забеспячэнне, фішынг і штучны інтэлект.

    Мой намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка неаднаразова атрымліваў пагрозы смерцю ў свой адрас і ў адрас сваёй сям’і. Польскія ўлады распачалі тры расследаванні ў сувязі з гэтымі пагрозамі.

    Незалежныя медыя сутыкаюцца з кібератакамі, фішынгам, фальшывымі сайтамі, крадзяжом акаўнтаў і скаардынаванымі кампаніямі па дыскрэдытацыі журналістаў — як, напрыклад, падчас нядаўняй атакі супраць «Нашай Нівы».

    Гэта асабліва небяспечна, таму што незалежныя медыя застаюцца адной з нашых найважнейшых сувязяў з людзьмі ўнутры Беларусі.

    Мы таксама зафіксавалі спробы вярбоўкі беларусаў праз Telegram.

    Усё можа пачацца з бяскрыўднай прапановы супрацоўніцтва або грошай.

    Потым з’яўляюцца просьбы перадаць інфармацыю пра калег, фатаграфіі з мерапрыемстваў, імёны актывістаў або звесткі пра паездкі.

    А калі вы адмаўляецеся, могуць пачацца пагрозы — у тым ліку ў адрас вашай сям’і, якая засталася дома.

    І гэта падводзіць мяне да трэцяга інструмента: прымусу праз сем’і.

    Калі рэжым не можа дацягнуцца да вас у Варшаве, Празе ці Бруселі, ён дацягваецца да вашых бацькоў у Гродне, Брэсце ці Мінску.

    Беларус удзельнічае ў акцыі салідарнасці ў Варшаве.

    Неўзабаве пасля гэтага сілавікі могуць прыйсці ў кватэру яго сям’і ў Беларусі.

    Яны праводзяць ператрус. Правяраюць тэлефоны. Допытваюць сваякоў. Часам канфіскоўваюць маёмасць. Часам патрабуюць, каб чалавек за мяжой спыніў палітычную дзейнасць.

    Пасыл просты: мы не можам дацягнуцца да цябе — таму пакараем таго, каго ты любіш.

    І неабавязкова быць вядомым палітыкам, каб стаць мішэнню. Дастаткова быць студэнтам, валанцёрам, журналістам або мясцовым актывістам дыяспары.

    Чацвёрты інструмент — злоўжыванне міжнароднымі праваахоўнымі механізмамі.

    І гэта асабліва важна для АБСЕ.

    Рэжым абвяшчае апанентаў у вышук па абвінавачаннях, якія выглядаюць не палітычнымі, а крымінальнымі: махлярства, падатковыя правапарушэнні, «экстрэмізм», звычайныя крымінальныя абвінавачанні.

    А потым разлічвае, што іншая дзяржава спрацуе аўтаматычна.

    Адзін з трагічных прыкладаў — Васіль Верамейчык, беларускі былы добраахвотнік, які ваяваў за Украіну.

    Ён быў затрыманы ў В’етнаме і экстрадаваны ў Беларусь. Сёння ён адбывае 13-гадовы тэрмін зняволення.

    Яшчэ адзін прыклад — беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт.

    Ён быў затрыманы ў Сербіі на падставе запыту беларускіх уладаў і месяцамі знаходзіўся пад пагрозай экстрадыцыі. Спатрэбілася маштабная міжнародная і юрыдычная кампанія, перш чым ён нарэшце змог бяспечна пакінуць Сербію.

    Менавіта таму запыты ад дыктатуры нельга разглядаць як звычайныя запыты праваахоўных органаў. Яны патрабуюць дадатковай праверкі з пункту гледжання правоў чалавека.

    Таму многія краіны, якія захоўваюць пагадненні або супрацоўніцтва з рэжымам, сталі рызыкоўнымі для беларусаў.

    Мы распрацавалі спецыяльныя рэкамендацыі адносна рызык падчас падарожжаў, каб папярэджваць людзей пра небяспечныя напрамкі. Толькі сёлета нашы каманды і партнёры дапамаглі прадухіліць экстрадыцыю або вяртанне ў Беларусь як мінімум 15 чалавек.

    Але гэта не можа заставацца адказнасцю толькі актывістаў і юрыстаў.

    Міжнародныя механізмы не павінны станавіцца інструментамі дыктатур.

    Дарагія сябры!

    Транснацыянальныя рэпрэсіі не заканчваюцца ў момант, калі чалавека вызваляюць з турмы. У многіх выпадках менавіта тады пачынаецца новая барацьба.

    Таму гуманітарная падтрымка таксама з’яўляецца часткай нашага адказу.

    Я хачу падзякаваць Польшчы і Літве, якія сталі галоўнымі бяспечнымі прытулкамі для беларусаў. Яны прынялі дзясяткі тысяч нашых людзей і працавалі над пошукам практычных прававых рашэнняў для тых, хто не можа бяспечна вярнуцца дадому.

    І я хачу падзякаваць усім паўночным і балтыйскім краінам, якія арганізуюць сённяшнюю дыскусію, — Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Ісландыі, Латвіі, Літве, Нарвегіі і Швецыі.

    Усе яны далучыліся і зрабілі ўнёсак у Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяр рэпрэсій у Беларусі, створаны па нашай ініцыятыве.

    Разам з іншымі партнёрамі мы мабілізавалі больш за 3,3 мільёна еўра на рэабілітацыю, медыцынскую дапамогу, псіхалагічную падтрымку і дапамогу людзям, якія аднаўляюць сваё жыццё пасля рэпрэсій.

    Я таксама хачу падзякаваць Еўрапейскаму саюзу і ўсім урадам, якія супрацоўнічаюць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі дзеля абароны тых, хто ратуецца ад рэпрэсій.

    Але нам трэба зрабіць больш.

    І сёння, тут, у АБСЕ, я хацела б прапанаваць сем канкрэтных крокаў.

    Першае — прызнаць транснацыянальныя рэпрэсіі асобнай пагрозай у сферы чалавечага вымярэння і бяспекі.

    БДІПЧ і дзяржавы-ўдзельніцы павінны сістэматычна дакументаваць выпадкі, выяўляць заканамернасці і абменьвацца раннімі папярэджаннямі.

    Другое — абараняць журналістаў у выгнанні.

    Я заклікаю Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і надалей надаваць гэтаму пытанню прыярытэтную ўвагу.

    Пераезд рэдакцыі за мяжу не спыняе рэпрэсіі. Ён змяняе іх форму: замест ператрусаў — узломы; замест арыштаў — пагрозы сваякам; замест цэнзуры журналістаў — крыміналізацыя іх аўдыторыі.

    Калі мы абараняем беларускіх журналістаў у Варшаве ці Вільні, мы таксама абараняем права людзей у Беларусі атрымліваць незалежную інфармацыю.

    Трэцяе — спыніць злоўжыванне экстрадыцыяй і міжнароднымі паліцэйскімі механізмамі.

    Кожны запыт ад дзяржавы, дзе няма незалежнай судовай сістэмы, павінен праходзіць узмоцненую праверку з пункту гледжання правоў чалавека.

    Ніводнага беларуса нельга вяртаць туды, дзе яму пагражае пераслед, толькі таму, што нехта паставіўся да запыту аўтарытарнага рэжыму як да звычайнай фармальнасці.

    Чацвёртае — вырашыць праблему дакументаў.

    Выдавайце праязныя дакументы і пашпарты замежніка. Забяспечвайце надзейны прававы статус і віды на жыхарства. Пры неабходнасці прызнавайце пратэрмінаваныя пашпарты.

    Ні журналіст, ні актывіст, ні былы палітычны зняволены не павінен станавіцца юрыдычна «нябачным» толькі таму, што Лукашэнка адмаўляецца аднавіць яго пашпарт.

    Пятае — узмацніць лічбавую абарону.

    Урады і тэхналагічныя кампаніі павінны непасрэдна супрацоўнічаць з незалежнымі медыя і грамадзянскай супольнасцю ў пытаннях кібербяспекі, абароны акаўнтаў, супрацьдзеяння шпіёнскаму праграмнаму забеспячэнню, фішынгу і скаардынаванаму пераследу ў інтэрнэце.

    Шостае — забяспечыць наступствы для вінаватых.

    Чыноўнікі і супрацоўнікі сілавых структур, адказныя за транснацыянальныя рэпрэсіі, павінны сутыкнуцца з адраснымі санкцыямі, візавымі забаронамі і, дзе гэта магчыма, крымінальнымі расследаваннямі.

    І мы павінны працягваць больш шырокую працу па забеспячэнні адказнасці.

    Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці за Беларусь, створаная ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Маскоўскага механізму АБСЕ, захоўвае доказы для будучых судовых працэсаў. Доказы трэба захоўваць цяпер, а не пасля таго, як дыктатура сыдзе.

    Я таксама заклікаю краіны падтрымаць расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда, распачатае пасля звароту Літвы, адносна меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыі і пераследу, звязаных з прымусовым перамяшчэннем беларусаў.

    Сёмае — вынесці гэтае пытанне за межы гэтай залы.

    Мы павінны ўздымаць пытанне транснацыянальных рэпрэсій на Генеральнай Асамблеі ААН, у тым ліку ў Трэцім камітэце.

    Мы павінны вынесці яго на разгляд Савета Бяспекі ААН у фармаце сустрэчы па формуле Арыі, як мы ўжо рабілі разам з Эстоніяй па Беларусі ў 2020 і 2021 гадах.

    І нарэшце, мы павінны працягваць патрабаваць сістэмных зменаў у Беларусі.

    Не касметычных зменаў. Не проста вызвалення асобных палітычных зняволеных у абмен на змякчэнне санкцый.

    Нам патрэбны канец самой сістэмы рэпрэсій.

    Гэта азначае: ніякіх новых палітычных арыштаў.
    Ніякіх палітычна матываваных крымінальных спраў.
    Ніякіх пагроз сем’ям.
    Ніякага пераследу праз дзяржаўныя межы.

    Пакуль мы не ўбачым сістэмных зменаў, мы павінны захоўваць ціск і палітычную ізаляцыю рэжыму.

    І, калі ласка, працягвайце падтрымліваць беларускія незалежныя медыя, грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў, палітычных зняволеных і дэмакратычныя інстытуты.

    Гэтая падтрымка, як і падтрымка Украіны, — не дабрачыннасць.

    Гэта інвестыцыя ў еўрапейскую бяспеку.

    Еўропа павінна быць свабоднай ад вайны, дыктатуры, тэрору і палітычнага пераследу — як унутры дзяржаўных межаў, так і па-за імі.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны