• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Ціханоўская заклікала Еўрапейскі эканамічны і сацыяльны камітэт спрыяць мабільнасці беларусаў, падтрымліваць прафсаюзы і медыі 

    18 чэрвеня, 2026

    17 чэрвеня ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта (EESC) Шэймасам Боландам. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, падтрымку грамадзянскай супольнасці, рэалізацыю падпісанага летась Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж EESC і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама новыя механізмы інстытуцыйнага супрацоўніцтва.

    Ціханоўская падзякавала кіраўніцтву EESC за паслядоўную падтрымку Беларусі, за арганізацыю яе выступу на пленарнай сесіі камітэта, асобнага мерапрыемства па Беларусі, а таксама за ўвагу да беларускай тэмы ў Бруселі.

    Падчас сустрэчы Ціханоўская прапанавала стварыць у EESC кансультатыўную або рабочую групу па Беларусі, якая магла б стаць пастаяннай платформай для супрацоўніцтва з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Паводле яе, Беларусь сёння з’яўляецца ўнікальным выпадкам, калі грамадзянская супольнасць працуе пераважна ў выгнанні і патрабуе асобных механізмаў супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытуцыямі.

    Асобная ўвага была нададзена сітуацыі з незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі. Ціханоўская нагадала, што ўсе незалежныя прафсаюзы ў краіне былі ліквідаваныя, а іх лідараў кінулі за краты. Таксама абмяркоўваліся магчымыя сумесныя кампаніі ў падтрымку беларускіх прафсаюзаў і палітвязняў.

    Сярод іншых прапаноў — пашырэнне праграм стажыровак для беларускіх студэнтаў і маладых спецыялістаў, падтрымка незалежных медыя, арганізацыя культурніцкіх і адукацыйных мерапрыемстваў, супольныя кампаніі супраць дэзінфармацыі, а таксама больш актыўнае ўключэнне беларускай тэмы ў еўрапейскія дыскусіі пра бяспеку, дэмакратыю і будучыню Еўропы.

    «Я вельмі ўдзячная EESC за тое, што Беларусь тут успрымаюць не як праблему, а як будучага партнёра. Пакуль рэжым спрабуе ізаляваць беларусаў ад Еўропы, мы павінны будаваць новыя масты. Менавіта людзі, грамадзянская супольнасць, незалежныя прафсаюзы, журналісты і культурніцкія дзеячы стануць асновай новай дэмакратычнай Беларусі», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

    Таксама Ціханоўская выступіла перад пленарным пасяджэннем Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта і ўзяла ўдзел у асобнай панэльнай дыскусіі, прысвечанай Беларусі.

    Еўрапейскі эканамічны і сацыяльны камітэт — кансультатыўны орган Еўрапейскага саюза, які прадстаўляе працадаўцаў, прафсаюзы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці краін ЕС. У чэрвені 2025 года EESC падпісаў Мемарандум аб супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца членам або краінай-кандыдаткай на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.

    Падчас візіту ў Брусель Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з вярхоўнай прадстаўніцай ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Каяй Калас, дала інтэрв’ю ірландскаму тэлеканалу RTÉ і італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву ANSA.

    Апошнія навіны