27 красавіка ў Вільнюсе дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу са старшынём Кіроўнай Рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і Генеральным сакратаром Супольнасці Дэмакратый Мантасам Адаменасам.
Сустрэча адбылася на фоне сітуацыі, якая патрабуе хуткіх і дакладных крокаў у сувязі з прызнаннем ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» беларускім рэжымам. Перад сустрэчай прайшоў шэраг кансультацыяў з Міністэрствам замежных справаў Літвы, а таксама з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і акадэмічнага асяроддзя.
Асноўны фокус размовы — бяспека. Ужо ёсць першыя сігналы ціску і рызыкаў для тых, хто звязаны з універсітэтам: студэнтаў, іх сем’яў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і выпускнікоў. Гаворка можа ісці пра тысячы чалавек.
Асобна абмеркавалі стратэгічны кірунак — захаванне місіі ЕГУ як універсітэта ў выгнанні для беларусаў. Размова ішла пра больш актыўнае ўключэнне беларускіх даследчыкаў і выкладчыкаў, узмацненне беларускай тэматыкі і мовы, а таксама выкарыстанне патэнцыялу беларускай акадэмічнай дыяспары.
Таксама закранулі падтрымку студэнтаў: магчымасць дадатковых стыпендыяў, аплаты навучання і рэальных шляхоў працягваць адукацыю ў бяспечных умовах. Офіс Святланы Ціханоўскай пацвердзіў гатоўнасць быць партнёрам у пошуку рашэнняў разам з літоўскім бокам і міжнароднымі партнёрамі.
Дзяніс Кучынскі: «Я падкрэсліў важнасць комплексных і пільных рашэнняў, у першую чаргу — для забеспячэння бяспекі студэнтаў, іх сем’яў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў»
Таксама абмеркавалі наступныя крокі для паглыблення супрацоўніцтва, пасля падпісання мемарандума аб паразуменні паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Супольнасцю Дэмакратыяў. Асобную ўвагу надалі пытанням бяспекі беларусаў за мяжой. Дамовіліся працягваць кампаніі супраць транснацыянальных рэпрэсій і дыскрымінацыі, у тым ліку — па экстрадыцыі і дэпартацыі. І закранулі практычныя пытанні падтрымкі беларусаў: спрашчэнне працэдур легалізацыі, уключаючы доступ да дакументаў і іншыя адміністрацыйныя працэсы, якія сёння застаюцца складанымі для многіх беларусаў за мяжой.
