40-Я ГАДАВІНА ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ
26 красавіка, у гадавіну Чарнобыльскай трагедыі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з прамовай, дзе ўзгадала свае асабістыя ўспаміны і нагадала пра небяспеку Астравецкай АЭС і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Таксама 26 красавіка беларусы з розных краінаў ушанавалі памяць пра Чарнобыль — у Варшаве, Вільнюсе, Цюрыху, Беластоку, Львове, Нью-Ёрку.
У ВІЛЬНЮСЕ ДЫПЛАМАТЫ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯР ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ
26 красавіка да ўшанавання памяці ахвяраў далучыліся прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай: дырэктар Офіса ў Вільнюсе Дзяніс Кучынскі, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і пазаштатны дарадца па пытаннях экалогіі Дзмітрый Кучук, а таксама Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, прадстаўнікі экалагічных арганізацыяў і актывісты. Разам з дыпламатамі яны ўзялі ўдзел ва ўскладанні кветак у памяць пра адну з найбуйнейшых тэхнагенных катастрофаў у гісторыі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі Латвіі, Венгрыі, Літвы, Фінляндыі, Італіі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Швецыі, Эстоніі, Польшчы і Нідэрландаў.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ЎЗЯЛА ЎДЗЕЛ У ЦЫРЫМОНІІ ДА 30-ГОДДЗЯ «ВЯСНЫ» І ЗВЯРНУЛАСЯ ДА АРГАНІЗАЦЫІ З ВІНШАВАННЯМІ
21 красавіка ў Варшаве Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі, прысвечанай 30-годдзю праваабарончай арганізацыі «Вясна». Ціханоўская павіншавала вясноўцаў з юбілеем, адзначыла іх ключавую ролю ў беларускай праваабарончай супольнасці і падкрэсліла, што «Вясна» стала сімвалам падтрымкі для беларусаў, якія сутыкнуліся з пераследам. Святлана Ціханоўская ўручыла Алесю Бяляцкаму Крыж Свабоды — узнагароду Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Ціханоўская: «Сёння за праваабарончую дзейнасць у Беларусі людзі плацяць свабодай. Яны рызыкуюць усім, каб фіксаваць праўду. Немагчыма ацаніць уклад, які «Вясна» ўжо аказала і працягвае аказваць у жыцці тысячаў беларусаў і беларусак»
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ СУСТРЭЛАСЯ З КАМАНДАЙ ФУНДАЦЫІ «ТУТАКА» Ў БЕЛАСТОКУ
22 красавіка падчас візіту ў Беласток Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі фундацыі «Тутака» і абмеркавала іх бягучыя праекты і падрыхтоўку да фестывалю.
На сустрэчы гаварылі пра тое, як ідзе падрыхтоўка да фестывалю сёлета: пра праграму, партнёраў і падтрымку, супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі, а таксама пра арганізацыйныя змены — у тым ліку пра тое, што фестываль упершыню робіцца платным, і як каманда плануе гэта рэалізаваць. Таксама закранулі іншыя ініцыятывы «Тутакі» і ўдзел у дыяспаральнай канферэнцыі.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ПРАВЯЛА СУСТРЭЧУ З БЕЛАРУСКІМІ АРГАНІЗАЦЫЯМІ БЕЛАСТОКА
22 красавіка ў Беластоку Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў у фармаце знаёмства і Q&A. У размове ўдзельнічала больш за 40 прадстаўнікоў арганізацыяў і ініцыятываў: культурніцкіх, медыйных, адукацыйных, праваабарончых і грамадскіх. На сустрэчы абмеркавалі тое, чым жывуць беларускія праекты ў рэгіёне і што цяпер найбольш важна: — бягучую сітуацыю з беларускім хабам «Новая Зямля» — праблемы з чалавечым рэсурсам і недахоп фінансавання; — сітуацыя з умовамі легалізацыі, дадатковыя абмежаванні з боку банкаў, доўгія працэдуры міжнароднай абароны і сацыяльныя пытанні (у тым ліку пенсіі).
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА ВЫСТАВУ ЛЯВОНА ВОЛЬСКАГА Ў ВАРШАВЕ
24 красавіка Святлана Ціханоўская наведала выставу «Лес чуе, а поле бачыць» вядомага беларускага музыкі і мастака Лявона Вольскага, якая праходзіць у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць такіх культурных ініцыятываў і падзялілася ўражаннямі: «Выстава паказвае, як беларуская культура працягвае жыць і развівацца, дзе б ні знаходзіліся беларусы. У працах Лявона адчуваецца і цеплыня, і лёгкі сум, і глыбокая павага да нашай культуры. Яны вельмі кранальныя і жывыя — адгукаюцца ўнутры і застаюцца ў памяці».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА КАНЦЭРТ БЕЛАРУСКАГА ГУРТА IRDORATH
24 красавіка Святлана Ціханоўская пабывала на канцэрце гурта Irdorath у Варшаве. Перад выступам лідарка паразмаўляла з музыкамі пра іх шлях, жыццё пасля зняволення і тое, як цяпер выглядае праца і творчасць у эміграцыі. Надзея і Уладзімір, заснавальнікі гурта, — былыя палітвязні. Святлана Ціханоўская: «Мяне заўсёды натняюць гісторыі беларусаў. А гісторыя Надзеі і Уладзіміра — прыклад сілы, стойкасці і ўнутранай свабоды. Я шчыра ганаруся, што не гледзячы на ўсе выпрабаванні, гурт працягвае свой творчы шлях».
БЕЛАРУСЫ ВІЛЬНЮСА ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ЭКАЛАГІЧНАЙ АКЦЫІ «MES DAROM»
У Вільнюсе прайшла экалагічная акцыя «Mes Darom», у якой узялі ўдзел беларусы Вільнюса, а таксама дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, пазаштатны дарадца па пытаннях экалогіі Дзмітрый Кучук. «Mes Darom» — літоўская частка міжнароднага руху «Let’s Do It World», які аб’ядноўвае мільёны людзей у дзясятках краінаў вакол ідэі клопату пра навакольнае асяроддзе. Беларуская супольнасць далучылася да прыбірання на тэрыторыі геамарфалагічнага заказніка схілаў Шэшкіне. Удзельнікі прыбралі прыродную зону, пасля чаго далучыліся да агульнай праграмы акцыі з адукацыйнымі актыўнасцямі і нефармальным зносінамі.
ВЫРАШЭННЕ ПЫТАННЯЎ БЕЛАРУСАЎ У ЛІТВЕ
23–24 красавіка Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі правёў шэраг палітычных сустрэчаў, у якіх таксама ўдзельнічалі дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі і дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, галоўны дарадца Франак Вячорка. Сустрэчы прайшлі з міністрам унутраных справаў Уладзіславам Кандратовічам, спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам і віцэ-міністаркай замежных справаў Літвы Аўдрай Плепітэ. У цэнтры ўвагі — пытанні, якія непасрэдна датычацца дзясяткаў тысячаў беларусаў у Літве. Паводле статыстычных даных, каля 50 000 грамадзянаў маюць від на жыхарства.
ДЗЯНІС КУЧЫНСКІ СУСТРЭЎСЯ З ПРЭЗІДЭНТАМ ПАЎНОЧНАЙ РАДЫ Ў ВІЛЬНЮСЕ
У Вільнюсе дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з новым прэзідэнтам Паўночнай Рады Віле Вярюненам. У сустрэчы таксама ўдзельнічаў дырэктар Офіса Паўночнай Рады міністраў у Літве Оле Андэрсан Ліндэман. Сустрэча адбылася на палях канферэнцыі да 35-годдзя супрацоўніцтва Паўночнай Рады і Літвы. Дзяніс Кучынскі падзякаваў партнёрам за ўвагу да бягучай сітуацыі ў Беларусі, падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
ДЗЯНІС КУЧЫНСКІ СУСТРЭЎСЯ З ВІЦЭ-МІНІСТАРКАЙ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛІТВЫ АЎДРАЙ ПЛЕПІТЭ
17 красавіка дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з віцэ-міністаркай замежных справаў Літвы Аўдрай Плепітэ. Абмеркавалі падтрымку беларусаў і каардынацыю працы на ключавых міжнародных напрамках. Асноўныя тэмы абмеркавання: дапамога вызваленым палітвязням і міграцыйныя пытанні, у тым ліку з легалізацыяй і інтэграцыяй пасля выезду з Беларусі, сітуацыя вакол Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Прыярытэт — бяспека студэнтаў, выкладчыкаў, бацькоў і выпускнікоў, а таксама ўстойлівасць легальнага статусу акадэмічнай супольнасці ў Літве.
ДЭЛЕГАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ УЗЯЛА ЎДЗЕЛ У GLOBAL PROGRESSIVE MOBILIZATION
17–18 красавіка па запрашэнні прэм’ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса, пасля яго сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў — дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі і прызначаная кіраўніца місіі дэмакратычных сілаў у Мадрыдзе Таццяна Марыніч — прыняла ўдзел у Global Progressive Mobilization.
У цэнтры абмеркаванняў Global Progressive Mobilization былі абарона дэмакратычных інстытутаў і супрацьдзеянне аўтарытарызму, сацыяльная згуртаванасць і змяншэнне няроўнасці, супрацьдзеянне палітычнай палярызацыі і папулізму, спалучэнне дэмакратычнага развіцця і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага росту.
МЕДЫЯ:
БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Зеркало (Беларусь), Liberation (Францыя), Зеркало (Беларусь), Radio Bialystok (Польша), Радыё Рацыя (Беларусь), Le Devoir (Канада).
