23–24 красавіка Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі правёў шэраг палітычных сустрэчаў, у якіх таксама ўдзельнічалі дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі і дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, галоўны дарадца Франак Вячорка.
Сустрэчы прайшлі з міністрам унутраных справаў Уладзіславам Кандратовічам, спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам і віцэ-міністаркай замежных справаў Літвы Аўдрай Плепітэ.
У цэнтры ўвагі — пытанні, якія непасрэдна датычацца дзясяткаў тысячаў беларусаў у Літве. Паводле статыстычных даных, каля 50 000 грамадзянаў маюць від на жыхарства.
Галоўная тэма — інтэграцыя. Важна, каб беларусы сутыкаліся з як мага меншымі бар’ерамі і мелі больш магчымасцяў для самарэалізацыі. Міністр пацвердзіў: беларусы ў Літве — гэта не толькі людзі ў выгнанні, але патэнцыял для развіцця краіны.
Асобна абмеркавалі выклікі, звязаныя з бяспекай і ціскам на беларусаў: гаворка ішла пра тое, як мінімізаваць пагрозы для студэнтаў ЕГУ і іх сем’яў і выпускнікоў. У гэтым пытанні літоўскі бок гатовы выступаць надзейным саюзнікам.
Літоўскі бок яшчэ раз падкрэсліў: санкцыі і ціск скіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі, але не супраць беларускага народа. Беларусы — партнёры і суседзі, якіх Літва гатовая падтрымліваць. Менавіта таму паралельна з узмацненнем санкцыйнага ціску на рэжым, Літва працягвае падтрымліваць беларускую дэмакратычную супольнасць.
Яшчэ адзін важны блок — захаванне беларускай ідэнтычнасці. Адукацыя, дзіцячыя садкі, беларуская гімназія імя Францыска Скарыны, Беларускі дом, і іншыя грамадзянскія ініцыятывы — усё гэта патрабуе стабільнай падтрымкі.
Таксама дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб магчымасці здачы экзаменаў на правы кіроўцы на беларускай мове ў Regitra — пытанне, якое ўздымалася беларускай дыяспарай у Літве.
