• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Іспаніі

    07 красавіка, 2026

    7 красавіка падчас візіту ў Мадрыд Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Іспаніі Педра Санчэсам.

    Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падзякавала за падтрымку свабоднай Беларусі, паслядоўную дапамогу Украіне і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Яна таксама выказала ўдзячнасць за вырашэнне праблемаў з легалізацыяй: дзякуючы працы Офіса і беларускай дыяспары ў Іспаніі ўрад пачаў прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, а таксама адзначыла падтрымку з боку ўсіх іспанскіх інстытуцыяў.

    Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў, а таксама пра складанасці, з якімі яны сутыкаюцца пасля вызвалення або прымусовага выдварэння з краіны. Яна падкрэсліла, што амерыканскі трэк мае гуманітарны характар, аднак важна не толькі вызваляць людзей з турмаў, але і перадухіляць з’яўленне новых палітвязняў, а таксама ствараць умовы для дэмакратызацыі.

    Асобна абмеркавалі сітуацыю ва Украіне і новыя адносіны з украінскай уладай. Ціханоўская распавяла пра сустрэчу з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і адзначыла, што новая дынаміка супрацоўніцтва можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, а таксама дапамагчы ў практычным вырашэнні шэрагу пытанняў.

    Таксама Ціханоўская распавяла пра працу дэмакратычных сілаў Беларусі і грамадзянскай супольнасці, дзейнасць Міжнароднага гуманітарнага фонду. Акрамя таго, бакі абмеркавалі праблемы беларусаў у Іспаніі і магчымыя шляхі іх вырашэння.

    Удзел у сустрэчы таксама бралі дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі і Таццяна Марыніч — прадстаўніца беларускай супольнасці ў Мадрыдзе і заснавальніца Imaguru, намінаваная на пасаду Кіраўніцы Офіса дэмакратычных сілаў у Мадрыдзе.

    «Прэм’ер выдатна ведае нашыя праблемы, і запэўніў мяне, што пазіцыя Іспаніі застаецца нязменнай. Іспанія выразна раздзяляе беларусаў і рэжым, Беларусь і Расію, будзе падтрымліваць тых, хто тут у Іспаніі знайшоў бяспечны прытулак. Мы шмат гаварылі пра палітвязняў, Украіну, адносіны з ЗША, і канешне, што яшчэ з Іспаніяй мы можам зрабіць разам.

    Нам важна каб еўрапейская пазіцыя заставалася паслядоўнай, каб дабіцца сістэмных пераменаў у Беларусі. Іспанія сама праходзіла праз дыктатуру, яе падтрымка нам важная сёння, а досвед Іспаніі спатрэбіцца Беларусі ў будучыні», — адзначыла Ціханоўская па выніках сустрэчы.

    Апошнія навіны