Узнагароды патрэбныя грамадству, каб вылучаць і адзначаць тых, хто бярэ на сябе адказнасць, дзейнічае і рызыкуе дзеля лепшай будучыні краіны. На жаль, афіцыйная сістэма ўзнагародаў у Беларусі страціла гэты сэнс: яна ператвораная ў інструмент заахвочвання лаяльнасці дыктатуры і не адлюстроўвае сапраўдных заслугаў перад народам.
Менавіта таму дэмакратычныя сілы імкнуцца да новай сістэмы ўзнагародаў. Над ёй працуе Геральдычная рада «Пагоня», якая аб’яднала спецыялістаў у галіне гісторыі, геральдыкі і сімволікі. Асновай сталі беларускія гістарычныя традыцыі, у тым ліку спадчына Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама еўрапейскі падыход да ўзнагародаў — без савецкіх і імперскіх элементаў.
Новыя ўзнагароды закліканыя вярнуць гонар самаму паняццю дзяржаўнай адзнакі і стаць знакам павагі да тых, хто змагаецца за свабоду, працуе дзеля грамадства і служыць Беларусі.
Хто ўручае ўзнагароды?
Часова ўручэнне нацыянальных узнагародаў Беларусі ажыццяўляюць наступныя інстытуцыі:
- Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі;
- Рада Беларускай Народнай Рэспублікі;
- Часовая вайсковая камісія Беларускай Вызвольнай Арміі;
- Геральдычная рада «Пагоня».
Пасля аднаўлення дэмакратыі паўнамоцтвы па ўзнагароджванні будуць перададзеныя адзінаму дзяржаўнаму органу новай улады.
Якія ёсць узнагароды?
Нацыянальная сістэма ўзнагародаў Беларусі складаецца з трох узроўняў:
- медалі — за значныя заслугі;
- крыжы — за паўторныя або выключныя дасягненні;
- ордэны — найвышэйшыя ўзнагароды, з якімі прысвойваецца тытул кавалера або дамы ордэна.
Узнагароды падзяляюцца на вайсковыя і цывільныя. Кожная ўзнагарода мае статут, афіцыйную выяву і дакладныя крытэрыі ўручэння.
Як прадставіць кандыдата(-ку) да ўзнагароды?
Прадстаўляць кандыдатаў да нацыянальных узнагародаў могуць беларускія грамадскія арганізацыі, ініцыятывы і асобныя грамадзяне. Хадайніцтва падаецца ў адпаведную інстытуцыю і павінна змяшчаць:
- апісанне заслугаў кандыдата ў адпаведнасці са статутам узнагароды;
- кароткую біяграфічную даведку;
- звесткі пра ўжо атрыманыя ўзнагароды (калі ёсць);
- кантактныя дадзеныя заяўніка.
Працэс разгляду з’яўляецца канфідэнцыяльным, а публічны ціск на інстытуцыі, што прымаюць рашэнне, недапушчальны.













Дзе апісаная Канцэпцыя ўзнагародаў Беларусі?
На гэтай старонцы напісаная ключавая інфармацыя пра сістэму ўзнагародаў. Падрабязней прачытаць пра ўзнагароды Беларусі і крытэрыі іх уручэння можна ў даведніку «Узнагароды Беларусі», складзеным Геральдычнай радай «Пагоня». Ён даступны для спампоўкі ў Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат.org».
Крыніца інфармацыі:
Узнагароды Беларусі. Даведнік 2025