З 3 па 7 лістапада 2025 года кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Аўстралію і Новую Зеландыю — першы візіт такога ўзроўню ў гісторыі незалежнай Беларусі.
Мэтай паездкі было ўмацаванне міжнароднай падтрымкі дэмакратычных сілаў, пашырэнне супрацоўніцтва з урадамі краінаў рэгіёну, а таксама сустрэчы з беларускай дыяспарай і СМІ.
Новая Зеландыя
У Велінгтане Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Новай Зеландыі Уінстанам Пітэрсам, з якім абмеркавала падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і магчымасць далучэння краіны да Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным.
Ціханоўская таксама выступіла ў Новазеландскім інстытуце міжнародных справаў (NZIIA) з лекцыяй і дыскусіяй пра Беларусь і будучыню дэмакратыі ў Еўропе, арганізаванай сумесна з Універсітэтам Велінгтана. У сустрэчы ўдзельнічалі больш за 100 экспертаў, студэнтаў, дыпламатаў і журналістаў, якія абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі, вайну ва Украіне і глабальныя выклікі дэмакратыі.
«Я адчула вялікую цікавасць да Беларусі. Для многіх у Новай Зеландыі гэта адкрыццё — што нашая барацьба за свабоду датычыцца і іх, бо мы ўсе змагаемся за адныя і тыя ж каштоўнасці», — сказала Святлана Ціханоўская.
Таксама яна сустрэлася з паслом Еўрапейскага саюза, журналістамі і беларускай дыяспарай у Оклендзе і Велінгтане.
Святлана ўшанавала беларусаў, якія змагаліся ў складзе ANZAC падчас Першай сусветнай вайны, і заклікала Новую Зеландыю далучыцца да міжнародных ініцыятываў у падтрымку Беларусі.
Асноўныя тэмы:
– падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ;
– каардынацыя санкцыйнай палітыкі;
– далучэнне Аўстраліі да Міжнароднага гуманітарнага фонду;
– падтрымка расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе (ICC) і Міжнародным судзе (ICJ);
– падтрымка беларускіх прафсаюзаў, журналістаў, праваабаронцаў і жаночых ініцыятыў.
Аўстралія: сустрэчы на высокім узроўні ў Сіднэі, Канберы і Мельбурне.
Сіднэй
- Сустрэчы з былымі прэм’ер-міністрамі Тоні Эбатам і Скотам Морысанам, падчас якіх абмеркавалі падтрымку Украіны і Беларусі, а таксама супрацьдзеянне глабальнаму саюзу дыктатур.
- Удзел у цырымоніі ўшанавання памяці ANZAC і беларусаў, якія змагаліся ў іх шэрагах.
- Сустрэча з беларускай дыяспарай у Esperanto House, дзе Святлана падзякавала суайчыннікам за салідарнасць і актыўную працу.
- Інтэрв’ю для ABC Radio Australia, The Sydney Morning Herald, CBS World Australia і іншых медыя.
Канбера
- Афіцыйная сустрэча з прэм’ерам Энтані Албанізам, падчас якой абмеркавалі падтрымку Украіны, санкцыі супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, дапамогу незалежным медыя і рэпрэсаваным беларусам.
- Сустрэча з міністаркай замежных справаў Пэні Вонг, якая запрасіла Ціханоўскую наведаць Аўстралію.
• Сустрэча са спікерам аўстралійскага парламента. Абмеркавалі стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», падтрымку беларускіх медыя, грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваных, а таксама супрацоўніцтва ў межах Міжпарламенцкага саюза (IPU). - Сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў і гандлю (DFAT), з прадстаўнікамі Лейбарысцкай і Ліберальнай партыяў, а таксама з амбасадарам Украіны Васілём Мірашнічэнкам.
- Выступы ў Аўстралійскім нацыянальным універсітэце (ANU) і ў аналітычным цэнтры ASPI, а таксама ключавая прамова на канферэнцыі «Аўтарытарны збег», прысвечанай глабальнаму партнёрству аўтарытарных рэжымаў.
- Брыфінг для амбасадараў краінаў ЕС і G7 — прэзентацыя вынікаў візіту і новай стратэгіі па Беларусі.
- Інтэрв’ю для тэлеканалаў ABC і Sky News Australia пра становішча ў Беларусі, вайну ва Украіне і глабальную салідарнасць супраць дыктатур.
Мельбурн
- Сустрэча з кіраўніцай Аўстралійскага савета прафсаюзаў (ACTU) Мішэль О’Ніл, падчас якой абмеркавалі падтрымку беларускіх працоўных і палітвязняў.
- Сустрэчы ў Парламенце штата Вікторыя — стварэнне Групы за дэмакратычную Беларусь і магчымасць праграмы рэабілітацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за Украіну.
- Выступ у Аўстралійскім інстытуце міжнародных адносінаў (AIIA).
- Візіт у Універсітэт Суінберн, сустрэчы з кіраўніцтвам і студэнтамі, публічная лекцыя «Беларусь і будучыня дэмакратыі», пасля якой адбылася сустрэча з акадэмічнай і дыпламатычнай супольнасцю.
- Ускладанне кветак на мемарыяле Манумента памяці ў Мельбурне.
Святлана Ціханоўская ўзняла ключавыя тэмы:
- міжнароднай адказнасці і правасуддзя;
- падтрымкі беларускіх журналістаў, прафсаюзаў і праваабаронцаў;
- удзелу Аўстраліі ў санкцыях супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна;
- развіцця беларуска-аўстралійскіх сувязяў, адукацыі і культуры;
- абароны беларускай дыяспары ад пераследу, праблем легалізацыі і прызнання пратэрмінаваных пашпартоў.
«Вельмі каштоўныя сустрэчы і важны візіт. Мы шукаем і знаходзім саюзнікаў свабоднай Беларусі па ўсім свеце. Пасля гэтага візіту наша супраца выйдзе на новы ўзровень, і Аўстралія з Новай Зеландыяй будуць яшчэ больш актыўна выступаць па беларускім пытанні. Дамовіліся і на практычныя крокі — паступова будзем іх рэалізоўваць», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
У склад дэлегацыі ўваходзілі Галоўны дарадца Францішак Вячорка, дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька, дарадца па міжпарламенцкай супрацы. Візіт адбыўся на запрашэнне міністаркі замежных справаў Аўстраліі Пэні Вонг.
