Дэлегацыя Еўрасаюза ў ААН разам з Даніяй, Германіяй, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй і Офісам Святланы Ціханоўскай правялі круглы стол аб адказнасці і вяршэнстве права ў Беларусі. Дыскусію мадэравала генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белэн Марцінес Карбанэль. Агулам удзельнічалі больш за 40 прадстаўнікоў МЗС Даніі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Ісландыі, Германіі, іншых краінаў.
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, у якой распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі і інструменты прыцягнення вінаватых да адказнасці. Ціханоўская таксама згадала Алеся Бяляцкага, які адзначыў ужо пяты дзень народзінаў за кратамі, і заклікала да яго неадкладнага вызвалення.
Акрамя таго беларуская лідарка прапанавала:
– падтрымаць пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд;
– правесці слуханні ў Радзе Бяспекі ААН у фармаце Аррыа;
– прыняць рэзалюцыю ў Трэцім камітэце ААН;
– падтрымаць працу праваабаронцаў, міжнародную платформу IAPB і міжнародны гуманітарны фонд.
Падчас мерапрыемства выступілі:
– генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белэн Марцінес Карбанэль;
– намесніца міністра замежных справаў Эстоніі Мінна-Лійна Лінд;
– намесніца пастаяннага прадстаўніка Даніі пры ААН Сандра Дженсен Ландзі;
– дырэктарка дэпартамента ААН МЗС Літвы Расма Рамошкайтэ;
– намеснік пастаяннага прадстаўніка Германіі пры ААН Томас Занейзен;
– пастаянная прадстаўніца Латвіі пры ААН Саніта Павлюта-Дэсландэс;
– кіраўніца Міжнароднай платформы падсправаздачнасці для Беларусі (IAPB) Андрэа Хубер.
Слова ўзялі і прадстаўнікі экспертнай супольнасці — Freedom House, iSANS і Кааліцыі па вызваленні палітвязняў.
Падчас сустрэчы былі прэзентаваныя:
- даклад iSANS па транснацыянальных рэпрэсіях у Беларусі;
- Red Paper па еўрапейска-беларускай бяспецы;
- даклад BelPol пра саўдзел рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны.