КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ
У Варшаве 23-25 траўня адбудзецца ўжо чацвёртая Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Яна аб’яднае прадстаўнікоў дыяспары для абмеркавання пытанняў падтрымкі палітвязняў, каардынацыі працы, культурных і адукацыйных ініцыятываў.
Каб зрабіць праграму канферэнцыі максімальна адпаведнай чаканням і патрэбам, Офіс прапануе ўдзельнікам запоўніць кароткую анкету.
ЗНІКНЕННЕ СПІКЕРКІ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ
Больш за два тыдні адсутнічае сувязь са спікеркай Каардынацыйнай Рады Анжалікай Мельнікавай. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і ўлады Польшчы робяць намаганні, каб усталяваць яе месцазнаходжанне. Ціханоўская падзякавала ўсім, хто дапамагае высветліць усе абставіны, і заклікае пазбягаць спекуляцыяў. Абавязкі спікера Каардынацыйнай Рады часова выконвае Станіслава Гліннік.
ЕЎРАПЕЙСКАЯ БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ
11 красавіка Офіс дэмакратычных сілаў у Празе правёў канферэнцыю «Еўрапейская будучыня Беларусі: выбіраем каштоўнасці, а не страх» з удзелам беларускіх і чэшскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў. Абмяркоўвалі падтрымку Украіны, еўрапейскі выбар беларусаў і інтэграцыю дэмакратычных сілаў у Еўрасаюзе. Мерапрыемства прайшло ў партнёрстве з Цэнтрам трансатлантычных адносін у Празе (PCTR).
АДКАЗНАСЦЬ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ
Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі ўзяла ўдзел у сесіі ПАСЕ ў Страсбургу, у рабоце камітэтаў. Па ініцыятыве беларускіх дэмакратычных сілаў, у выніковую рэзалюцыю быў дададзены пункт аб адказнасці рэжыму Лукашэнкі. Акрамя Расіі і Паўночнай Карэі юрысдыкцыя спецыяльнага трыбунала ў рамках Рады Еўропы па злачынстве агрэсіі ў дачыненні да Украіны «павінна распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, здзейсненыя так званым беларускім кіраўніцтвам».
СУСТРЭЧА З ЧЭШСКІМІ ДЭПУТАТАМІ
7 красавіка ў Вільні Святлана Ціханоўская прыняла дэлегацыю дэпутатаў чэшскага парламента, падчас якой абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, рэгіянальнай бяспекай, падтрымку Чэхіяй беларускіх дэмакратычных актывістаў і незалежных медыя.
ГАДАВІНА ТЭРАКТА Ў МІНСКІМ МЕТРО
У 2011 годзе выбух у мінскім метро забраў жыцці 15 чалавек і параніў больш за 200. Рэжым імкліва назваў вінаватых і пакараў іх смяротнай карай – без празрыстага следства і сумленных судоў. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Рэжым, які хавае праўду, расстрэльвае людзей без празрыстага судовага працэсу і ператварае смерць у інструмент кіравання, не можа быць гарантам бяспекі для грамадзянаў. Гэта тэрарызм з боку ўлады».
ГЕНЕРАЛЬНАЯ АСАМБЛЕЯ IGFM У БОННЕ
На сайце Міжнароднага таварыства правоў чалавека (IGFM) апублікаваны выніковы матэрыял па выніках 53-й штогадовай канферэнцыі, якая адбылася ў сакавіку 2025 года ў Бонне. На мерапрыемстве Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай, прадставіў сітуацыю з больш чым 1200 палітычнымі заключанымі ў Беларусі, падкрэсліўшы важнасць міжнароднай падтрымкі для іх вызвалення і аднаўлення дэмакратыі.
ПАСТАНОВА АБ РЭГУЛЯВАННІ РЭПЕТЫТАРСТВА
У Беларусі падрыхтаваны праект пастановы, які мусіць рэгуляваць дзейнасць рэпетытараў. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова адзначае: дакумент дэманструе выразную спробу дзяржаўнага кантролю і недавер да тых, хто працуе ў адукацыі па-за межамі сістэмы.
НОВЫ ЗАКОН АБ МОЛАДЗІ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзі і студэнцтву Маргарыта Ворыхава разам з камандай рыхтуе новую канцэпцыю Закона аб моладзі для Новай Беларусі. За аснову ўзятыя міжнародныя стандарты – ад ААН і Рады Еўропы да Моладзевай гарантыі Еўрапейскага Саюза.
Далучыцца да фармавання будучыні беларускай моладзі і пракаментаваць працу ў дакуменце па гэтай спасылцы.
ПАПАЎНЕННЕ СПІСАЎ ЭКСТРЭМІСЦКІХ ФАРМАВАННЯЎ
На гэтым тыдні рэжым зноў папоўніў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў, у яго трапілі журналісты-расследавальнікі «БюроМедыя» і ініцыятыва дапамогі жанчынам у палітычным зняволенні «Палітвязынка», якая пасля навінаў вымушана прыпыніла сваю працу. Святлана Ціханоўская: «Чалавечнасць і сумленнасць называюць экстрэмізмам толькі тыя, хто на іх няздольны».
СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ЗДАРОЎЯ
Святлана Ціханоўская да Сусветнага дня здароўя, які адзначаецца 7 красавіка: «У такіх умовах на лекараў выпадае каласальная нагрузка. Яны працуюць на знос – часам без адпачынку і нават перапынку на абед. Менавіта іх прафесіяналізм і адданасць ратуюць беларускую медыцыну пры адсутнасці падтрымкі з боку дзяржавы. Я захапляюся стойкасцю і самаахвярнасцю нашых медыкаў, калі чую пра цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца».
АБАРОНА АД ВЯРБОЎКІ
Беларусы ўсё часцей сутыкаюцца з пагрозамі падману, дэзінфармацыі і спробамі вярбоўкі. Асаблівую актыўнасць праяўляюць прадстаўнікі прапагандысцкіх структураў і сілавых ведамстваў. Яны выкарыстоўваюць асабістыя кантакты, месэнджары, ціск на сваякоў і дэзынфармацыйныя падыходы, каб выведаць інфармацыю або прымусіць супрацоўнічаць.
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў асноўныя меры засцярогі, якія дапамогуць захаваць бяспеку вам і вашым блізкім.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Радыё Рацыя (Беларусь), CNN Greece (Грэцыя), Economic Review (Грэцыя), The President (Грэцыя), RAI News (Італія), iROZHLAS (Чэхія), RTP (Партугалія).