На днях у Беларусі папоўніўся спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. Да пераліку з 274 навінавых рэсурсаў, моладзевых арганізацыяў і валанцёрскіх праектаў былі дададзеныя праект журналістаў-расследавальнікаў «БюроМедыя» і ініцыятыва дапамогі жанчынам у палітычным зняволенні «Палітвязынка».
Рэжым зноў і зноў спрабуе даказаць, што яму пад сілу зняважыць і скасаваць значнасць беларускіх ініцыятываў. Гэта яго адзіны спосаб паказаць сваю «ўладу». Але быць сапраўднай уладай – гэта найперш думаць пра людзей, пра тое, як абараняць, падтрымліваць, гаварыць праўду нават у самых надзвычайных умовах. Ініцыятывы, накшталт «БюроМедыя» і «Палітвязынкі» – менавіта пра гэта. Яны – прыклад таго, як людзі самі, без падтрымкі дзяржавы, робяць важную для беларусаў і беларусак справу.
Чарговы раз мы бачым – рэжыму цяжка прыняць, што людзі могуць аб’ядноўвацца, дапамагаць адно аднаму не чакаючы нічога ўзамен, без карысці і страху. Але колькі б Лукашэнка і яго паплечнікі ні спрабавалі знішчыць усялякае іншадумства – яны ніколі не навяжуць свой светапогляд людзям, якія шануюць праўду. Ніколі не зламаюць тых, хто працуе для дапамогі і справядлівасці. Чалавечнасць і сумленнасць называюць экстрэмізмам толькі тыя, хто на іх няздольны.
Я дзякую ўсім, хто працягвае рабіць сваю справу, нягледзячы на рызыкі і ціск. Вы патрэбныя людзям і вы ўжо зрабілі шмат. Я ўпэўненая, што наперадзе яшчэ больш.