У Вільнюсе адбылася сустрэча дэмакратычных сілаў Беларусі з Генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Мэцью Моры.
У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і ініцыятываў грамадзянскай супольнасці.
Дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі ад імя Святланы Ціханоўскай падзякаваў Мэцью Моры за паслядоўную падтрымку і супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька:
– распавёў пра прававую працу над праектамі Канстытуцыі і закона аб мясцовым самакіраванні;
– прапанаваў развіваць сетку дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» на мясцовым узроўні;
– агучыў ідэю канферэнцыі з удзелам еўрапейскіх мэраў;
– падкрэсліў неабходнасць распрацоўкі шырокага пакета законаў для мясцовага самакіравання.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч:
– распавёў пра маштабы палітычнага пераследу ў сферы адукацыі Беларусі;
– звярнуў увагу на бюракратычныя перашкоды, якія сёння абмяжоўваюць магчымасці аказання дапамогі рэпрэсаваным настаўнікам і навучэнцам.
Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская:
– звярнула ўвагу на тое, што рэпрэсіі ўнутры Беларусі не сціхаюць, а набываюць больш крыміналізаваны характар;
– падняла пытанні беларусаў у Грузіі і Украіне, а таксама праблему ануляваных пашпартоў у дэпартаваных палітвязняў;
– падкрэсліла неабходнасць доўгатэрміновых праграмаў дапамогі для ўразлівых групаў і асобную важнасць рэабілітацыі для былых добраахвотнікаў.
Намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч:
– дамовілася ўключаць гендарную роўнасць як скразны кампанент у праграмы навучання па мясцовым самакіраванні;
– абмеркавала стажыроўкі для маладых людзей, каб яны маглі на практыцы вывучаць еўрапейскія стандарты недыскрымінацыі і дзяржаўнага кіравання. Стажыроўкі будуць арганізаваныя ў супрацоўніцтве з Радай Еўропы і прадстаўніцай па моладзевай палітыцы Маргарытай Ворыхавай.
Каардынатарка ініцыятывы «Вольныя» Вераніка Станкевіч:
– прадставіла аналіз праблемаў адаптацыі былых палітвязняў у ЕС;
– адзначыла, што існуючая дапамога часта фрагментарная і не ўлічвае спецыфіку траўматычнага досведу;
– прапанавала перавесці падтрымку на сістэмны ўзровень праз муніцыпальныя праграмы, узмацняючы ролю ментарства і каардынацыю паміж арганізацыямі.
Па выніках сустрэчы беларускія дэмакратычныя сілы прапанавалі падпісаць мемарандум аб узаемадзеянні і абмеркавалі далейшую сумесную працу над пакетам законапраектаў — у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы ўжо працуе дэлегацыя «Кадравага рэзерву».
Таксама была прапанавана ідэя распрацаваць «віленскія рашэнні» па прыкладзе люксембургскіх — практычныя рэкамендацыі для мэраў і муніцыпалітэтаў па падтрымцы беларусаў.
Асобна абмеркавалі магчымую дапамогу Кангрэса ў інтэграцыі былых палітвязняў у грамадства пасля вызвалення.
