• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Мадрыд і вырашэнне пытанняў легалізацыі ў Літве. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 6–12 красавіка 

    14 красавіка, 2026

    ВІЗІТ У МАДРЫД

    6–8 красавіка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Мадрыдзе, Іспаніі. Падчас візіту яна правяла шэраг двухбаковых сустрэчаў на высокім узроўні: 

    з прэм’ер-міністрам Педра Санчэсам абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, узаемадзеянне з ЗША, а таксама становішча беларусаў у Іспаніі. 

    са спікерам Сената Педра Рольян Ахеда гаворка ішла пра стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», падтрымку палітвязняў і міжнароднае супрацоўніцтва. 

    з міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарэсам абмеркавалі ўнёсак у Міжнародны гуманітарны фонд (раней Іспанія далучылася і выдаткавала 50 тысячаў еўра), афіцыйнае адкрыццё Офіса дэмакратычных сілаў і вырашэнне пытання апастыляў і даведак аб несудзімасці. 

    Удзел у сустрэчах таксама бралі: дарадцы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі, па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, галоўны дарадца Франак Вячорка і прадстаўніца беларускай супольнасці ў Мадрыдзе Таццяна Марыніч. 

    8 красавіка ў межах візіту Святлана Ціханоўская выступіла з лекцыяй у IE University на тэму «Лідарства ў выгнанні: барацьба за дэмакратыю ў Беларусі»:

    «Беларусь — выдатны прыклад таго, як бяспека і дэмакратыя пераплеценыя паміж сабой. Дыктатура пагражае не толькі сваім грамадзянам, але і суседзям. Сёння рэжым Беларусі не толькі забяспечвае Расію зброяй і тэрыторыяй для вайны, але і вядзе гібрыдную вайну супраць Польшчы, Літвы, Латвіі. Ён накіроўвае нелегальных мігрантаў у ЕС або паветраныя шары ў Літву, паралізуючы аэрапорт Вільнюса. Вайна становіцца інструментам для выжывання рэжымаў — Пуціна і Лукашэнкі».

    Акрамя гэтага, Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Мадрыдзе. 

    ВЫРАШЭННЕ ПЫТАННЯЎ ЛЕГАЛІЗАЦЫІ Ў ЛІТВЕ 

    10 красавіка дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі Індрэ Гаспэрэ. 

    Па выніках сустрэчы адзначана: 

    — У чэрвені плануецца правядзенне агульнай сустрэчы з удзелам зацікаўленых арганізацыяў. 

    — Разглядаецца магчымасць увядзення больш празрыстай сістэмы адсочвання статусу заяваў і тэрмінаў іх разгляду. 

    — Пакуль заява разглядаецца, меры прымусовага выезду з краіны не будуць прымяняцца: перыяд разгляду з’яўляецца падставай для вашага легальнага знаходжання ў Літве.

    — Таксама падчас сустрэчы былі ўзнятыя асобныя пытанні атрымання праязнога дакумента замежніка беларусамі, якія не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь і атрымаць пашпарт. 

    АРГКАМІТЭТ ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ

    10 красавіка адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па правядзенні акцыі «Чарнобыльскі Шлях», прымеркаванай да 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, экалагічных арганізацыяў і беларускай дыяспары. Мэта аргкамітэта — вызначыць агульныя пасланні і фарматы правядзення акцыі, а таксама каардынаваць мерапрыемствы ў розных гарадах свету.

    АДУКАЦЫЙНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

    10 красавіка дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава падрыхтавала падборку актуальных адукацыйных і навуковых магчымасцяў. У спісе — стыпендыі, стажыроўкі і рэзідэнцыі, якія дапамогуць працягнуць адукацыю, развіваць даследаванні і рэалізоўваць творчы патэнцыял беларусаў за мяжой.

    ПАДРЫХТОЎКА ДА ВЫБАРАЎ У КААРДЫНАЦЫЙНУЮ РАДУ

    9 красавіка на агульным пасяджэнні Выбарчай камісіі быў вызначаны парадак выбарчых суб’ектаў у спісе на выбары ў КР. Усяго на 80 месцаў у складзе беларускага протапарламента прэтэндуюць 174 чалавекі. 

    Выбары адбудуцца 11–17 траўня. Напярэдадні гэтай падзеі старшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі адказаў на пытанні пра ролю Рады, яе эфектыўнасць і матывацыю браць удзел у галасаванні.​​

    ПРЫЗНАННЕ ТЭЛЕГРАМ-ЧАТА ЭКСТРЭМІСЦКІМ ФАРМІРАВАННЕМ

    9 красавіка тэлеграм-чат сваякоў зняволеных «СІЗА №1 Калядзічы» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Гэта найбуйнейшы чат па падтрымцы сваякоў зняволеных, у якім людзі могуць атрымаць інфармацыйную падтрымку пасля затрымання блізкага.

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначыў:

    «Прызнанне чата «экстрэмісцкім фармаваннем» ставіць пад пагрозу жыццю і бяспеку 1800 чалавек, якія з’яўляюцца яго ўдзельнікамі. Рэжым мэтанакіравана знішчае не толькі палітычную актыўнасць, але і любыя формы ўзаемадапамогі».

    ПЯТНАЦЦАТАЯ ГАДАВІНА ТРАГЕДЫІ Ў МІНСКІМ МЕТРО

    11 красавіка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды 15-й гадавіны трагедыі ў Мінскім метро:

    «Мы ўспамінаем тых, хто загінуў у Мінску 15 гадоў таму. Але памяць — гэта і адказнасць. Адказнасць перад тымі, каго ўжо няма, і перад тымі, хто жыве сёння. І таму праўда пра гэтую трагедыю таксама мае значэнне. Калі ў грамадстве праз гады застаюцца пытанні, адказ на іх можа даць толькі поўнае, незалежнае і празрыстае расследаванне, якому людзі могуць давяраць. Бяспека людзей — гэта аснова, на якіх трымаецца любое грамадства».

    ВЯЛІКДЗЕНЬ

    12 красавіка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды праваслаўнага Вялікадня:

    «Усім нам час ад часу патрэбны цуд — нават самы маленькі — які можа падтрымаць і даць сілы рухацца далей. І гэтыя цуды сапраўды адбываюцца: трэба толькі быць уважлівымі, каб заўважаць іх і верыць у лепшае.

    Няхай гэтае свята ўмацуе нашую веру ў тое, што дабро і праўда абавязкова перамогуць. Са святам вас, дарагія!».

    СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ЗДАРОЎЯ

    7 красавіка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Сусветнага дня здароўя:

    «Сёння я хачу падзякаваць усім медыкам. У цяжкіх умовах, дзе замест годных заробкаў і чалавечага стаўлення з боку дзяржавы, вы чуеце «сколько надо, столько пусть и работают» — вы працягваеце ратаваць жыцці. І гэта сапраўдны гераізм.

    І я хачу сказаць кожнаму: мы заслугоўваем сістэму, у якой чалавек — у цэнтры, дзе няма страху, а дапамога аказваецца своечасова і з павагай. Беларусь павінна быць краінай, дзе здароўе людзей не на словах, а на справах з’яўляецца прыярытэтам».

    МЕДЫЯ

    Spiegel (Германія), EFE (Іспанія), Swissinfo (Швейцарыя), ABC (Іспанія).

    Апошнія навіны