Адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па правядзенні акцыі «Чарнобыльскі Шлях», прымеркаванай да 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, экалагічных арганізацыяў і беларускай дыяспары.
Мэта аргкамітэта — вызначыць агульныя пасланні і фарматы правядзення акцыі, а таксама каардынаваць мерапрыемствы ў розных гарадах свету.
Прайшло 40 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы, ад якой пацярпелі мільёны людзей у розных краінах. Час мінуў — пагроза засталася. Улада ў Беларусі такая ж безадказная і непадсправаздачная грамадству, як і тады. Гэта абсалютна непрымальна.
Менавіта таму ў гэтым годзе кампанія пройдзе пад лозунгам
«За незалежную бяз’ядзерную Беларусь».
Аргкамітэт каардынуе правядзенне акцыяў «Чарнобыльскі Шлях» па ўсім свеце пры ўдзеле дэмакратычных сілаў, экалагічных арганізацыяў і беларускай дыяспары.
Упершыню 26 красавіка ў Вільні адбудзецца памятны забег «Чарнобыльскі Шлях», прысвечаны ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сімвалічнай прабежкай удзельнікі ўшануюць памяць герояў з Беларусі, Украіны і Літвы — тых, хто тушыў пажары, праводзіў дэзактывацыю тэрыторыяў і будаваў саркафаг, ахвяруючы сваім здароўем і жыццём.
Апошнія гады акцыі, прысвечаныя гадавіне Чарнобыльскай катастрофы, праходзяць у розных краінах і арганізуюцца беларусамі за мяжой.
