Падчас візіту ў Варшаву Святлана Ціханоўская выступіла на супольным пасяджэнні Польскага Сейма, Сената і Камітэтаў па замежных і еўрапейскіх справах. Удзел у ім узялі як польскія дэпутаты, эксперты, палітыкі, так і прадстаўнікі беларускай супольнасці – Павел Латушка, Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Анжаліка Мельнікава, Маргарыта Ворыхава, Аліна Коўшык, Улад Кобец, Мацвей Купрэйчык.
Асноўнымі тэмамі прамовы сталі беларускія палітвязні, супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, пытанні рэгіянальнай бяспекі, а таксама падтрымка беларусаў у Польшчы і раздзяленне беларусаў і рэжыму. Ціханоўская падкрэсліла, што Польшча для беларусаў – гэта сімвал свабоды, салідарнасці і еўрапейскай будучыні, за якую беларусы працягваюць штодзённа змагацца.
«Пакуль дыктатары спрабуюць атруціць наш народ «рускім мірам» і ізаляваць яго ад свабоднага свету, мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі: выдаваць візы, клапаціцца пра бяспеку адно аднаго, ладзіць абмены і прадастаўляць стыпендыі. Я заклікаю вас не класці Беларусь у адзін кош з Расіяй. Нашыя грамадствы і ўмовы, у якіх яны існуюць, адрозніваюцца. Беларускае грамадства ўжо зрабіла свой выбар».
«Часам чую меркаванне, што, магчыма, варта дамовіцца з Лукашэнкам і абараніць яго ад Пуціна. Гэта памылка. Лукашэнка не абараняе незалежнасць Беларусі. Наадварот, ён з’яўляецца пагрозай для нашай незалежнасці. Яго адзіная мэта – захаваць уладу любымі коштамі».
«Сотні тысячаў беларусаў знайшлі ў Польшчы бяспечны прытулак. Яны ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, валанцёраць, робяць ахвяраванні на падтрымку Украіны і нашых добраахвотнікаў. Гэтыя людзі – скарб і важная частка нашага дэмакратычнага руху. Ім патрэбная падтрымка. Мы павінны спрасціць іх жыццё».