«Паважаны Старшыня Міхаэль Рот,
Паважаныя члены Камітэта па замежных справах,
Дарагія сябры,
Найперш я хацела б падзякаваць вам ад імя ўсіх беларусаў за тое, што падтрымліваеце нас у нашай барацьбе за дэмакратыю. Цяпер вырашальны час не толькі для народаў Беларусі і Украіны, але і для ўсёй Еўропы.
І я радая, што тэма Беларусі працягвае аб’ядноўваць парламентарыяў усіх палітычных кірункаў.
Сёння ў Бундэстагу вам трэба будзе абмеркаваць рэзалюцыю па Беларусі, прапанаваную трыма палітычнымі партыямі: СДПГ (Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі), партыяй «Зялёныя» і СвДП (Свабодная дэмакратычная партыя). Я прашу вас падтрымаць гэтую рэзалюцыю. Вашая падтрымка дасць беларусам надзею, што іх чакаюць у Еўрапейскім Саюзе.
Гэта сімвалічна, што вы будзеце праводзіць гэтыя дэбаты напярэдадні 9 лістапада, калі ўпала Берлінская сцяна. Гэта нагадвае нам аб тым, што перамены, якімі б нечаканымі яны ні былі, непазбежныя. Такі сцэнар вельмі верагодны і ў Беларусі. І мы павінны быць да яго гатовы. Нам патрэбны моцныя дэмакратычныя інстытуты, каб скарыстацца момантам і вырваць Беларусь з кіпцюроў расійскай імперыі.
Для гэтага неабходна дакладна разумець і ўлічваць галоўныя тэзісы: Беларусь – не Расія. Беларусь – Еўропа. Лукашэнка – не прэзідэнт, ён не прадстаўляе беларусаў. І еўрапейская перспектыва – адзіная альтэрнатыва «рускаму свету» гвалту, тыраніі і несправядлівасці.
Учора тут, у Бундэстагу, прайшоў першы сход Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Мы абмяркоўвалі еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Удзельнічалі кіраўнікі парламенцкіх груп з 22 краін. І я з гонарам магу сказаць, што група з Германіі – самая вялікая. Я хацела б выказаць асаблівую падзяку членам парламента Кнуту Абрахаму, Ёганэсу Шрапсу, Робіну Вагенеру і Аніцы Глагоўскі-Мертэн за іх працу і адданасць тэме Беларусі.
Многія дэпутаты Бундэстага таксама сталі сімвалічнымі хроснымі палітвязняў. Гэта важны знак салідарнасці. Нельга забываць, што як мінімум 1500 чалавек да гэтага часу знаходзяцца ў закладніках рэжыму. А рэальная колькасць можа быць у тры разы вышэйшая.
Рэпрэсіі ўвесь час узмацняюцца. Штодзень па палітычных матывах затрымліваюць 15-20 чалавек. Толькі за мінулы год рэжым узбудзіў больш за 5 тысяч новых крымінальных справаў.
Многія палітвязні знаходзяцца ў цяжкім стане. За апошнія некалькі месяцаў некалькі з іх загінулі. Або, правільней сказаць, былі забітыя. Сярод іх вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін.
Многія – Марыя Калеснікава, Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч – утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі. Як і мой муж Сяргей. Я не атрымлівала ад яго ніякіх вестак з сакавіка і нават не ведаю, ці жывы ён.
Мэта рэжыму Лукашэнкі – зламаць іх і зламаць нас. Трымаючы людзей у абсалютнай ізаляцыі, яны хочуць, каб яны думалі, што свет забыўся пра іх. Мы ж павінны давесці, што гэта не так.
Кожны ліст, кожная заява, кожны твіт – кожная згадка пра палітвязняў стварае ціск на рэжым. Вось чаму сімвалічныя хросныя і прыхільнікі свабоднай Беларусі такія важныя ў парламентах па ўсім свеце.
Дарагія сябры,
Сёння ў Беларусі склалася, мабыць, самая цяжкая сітуацыя з 2020 года. Нашая краіна паступова губляе сваю незалежнасць. Адбываецца паўзучая акупацыя Беларусі.
Сёлета з Беларусі не было зроблена ніводнага пуску ракет, але дыктатар Лукашэнка працягвае пастаўляць у Расію зброю, тэхніку і боепрыпасы. Расія дапамагае рэжыму абыходзіць санкцыі і спансіруе яго эканамічна.
Лукашэнка і Пуцін аб’явілі аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Гэта першы такі выпадак у Еўропе пасля заключэння дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Мы павінны зрабіць усё, каб спыніць гэтыя безразважныя і эскалацыйныя крокі.
Рэжым уяўляе ўсё большую пагрозу не толькі для народа Беларусі, але і для нашых суседзяў і ўсёй Еўропы. Як мы ведаем, лукашэнкаўскі рэжым стаў суагрэсарам у поўнамаштабным уварванні Расіі на Украіну.
Без перамогі Украіны не будзе свабоды ў Беларусі, а без свабоднай Беларусі не будзе бяспекі ва Украіне. Сітуацыя ў нашых краінах узаемазвязаная.
Народ Украіны перажыў неверагодныя пакуты, але ён працягвае адстойваць сваю свабоду і права самастойна вызначаць сваю будучыню. У Беларусі мы таксама змагаемся за сваю свабоду і права нашай краіны на існаванне.
Нас аб’ядноўвае нашая барацьба за дэмакратыю і супраць тыраніі. Украінцы і беларусы зрабілі адназначны выбар на карысць свабоды. Няма ніякіх сумневаў: мы павінны перамагчы.
У Беларусі супраціў вайне і рэжыму Лукашэнкі поўнасцю сышоў у падполле. Вялікіх прыгожых мітынгаў зараз не ўбачыш з-за тэрору нябачанага ўзроўню. Аднак больш за 200 тысяч беларусаў далучыліся да плана «Перамога», створанага для каардынацыі падпольнага супраціўлення. Толькі за 2022 год на чыгунках было здзейснена больш за 80 дыверсій.
Сотні беларусаў дапамагаюць украінскай разведцы адсочваць перамяшчэнне расійскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.
Беларусы прадэманстравалі дакладную пазіцыю: мы супраць гэтай вайны. Мы падтрымліваем Украіну. Таму важна падзяляць беларускі народ і лукашэнкаўскі рэжым, які стаў памагатым Пуціна. Важна таксама падзяляць Беларусь і Расію: не трэба ставіць паміж намі знак роўнасці. У адрозненне ад расіянаў, беларусы прынялі дакладнае рашэнне на карысць дэмакратыі і вяршэнства закону.
Трэба разглядаць нашу барацьбу за дэмакратыю і свабоду ў глабальным кантэксце. Важна разумець, што тое, што адбываецца ў Беларусі, ва Украіне і нават у Ізраілі – узаемазвязана. Гэта ўсё помста дыктатараў.
Нядзіўна, што лукашэнкаўская прапаганда тут жа падтрымала напад ХАМАСу на Ізраіль. Яны жадаюць, каб мір гарэў. Яны спадзяюцца, што свет забудзе пра Беларусь. Бо тады іх злачынствы застануцца бескантрольнымі і беспакаранымі. Нельга гэтага дапусціць.
Патрэбна больш актыўная пазіцыя ў адносінах да Беларусі. Яна павінна ўключаць у сябе не толькі павышэнне эфектыўнасці санкцый і закрыццё шчылін, але і значную дапамогу дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці.
Акрамя таго, неабходна прыцягнуць рэжым да адказнасці за ўчыненыя ім злачынствы. Мы просім урады звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай пачаць расследаванне злачынстваў Лукашэнкі. Калі МУС выдасць ордар на арышт Лукашэнкі, гэта стане вялікім ударам па рэжыме.
Учора я сустрэлася з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы Ганнай Люрман. Я прасіла яе павялічыць дапамогу беларускім дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці. Сёння я сустрэлася са статс-сакратаром МУС Берндам Крэсерам, каб абмеркаваць становішча беларусаў у Германіі.
Вельмі хутка тысячы людзей могуць застацца без пашпартоў ды іншых дакументаў, бо рэжым Лукашэнкі больш не будзе падаўжаць пашпарты. Большасць гэтых людзей не мае магчымасці вярнуцца ў Беларусь. Бо гэта білет у адзін канец – у турму. Таму неабходна знайсці комплекснае рашэнне, каб дапамагчы беларусам у выгнанні.
Мы плануем выдаваць беларусам за мяжой уласныя пашпарты, як гэта рабілі краіны Балтыі падчас савецкай акупацыі. І мы просім Германію прызнаць гэтыя дакументы.
Дарагія сябры,
З вашай падтрымкай мы зможам прынесці Беларусі і Украіне свабоду, а Еўропе – мір і бяспеку. Трэба паказаць дэспатам па ўсім свеце, што зло і тэрор асуджаныя на паразу.
Я хацела б папрасіць вас далучыцца да нашага Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю ў нядзелю, 12 лістапада. Вы можаце прыняць рэзалюцыю, выступіць з заявай ці проста напісаць у асабістым твітары словы падтрымкі.
12 лістапада 2020 года ў двары свайго дома бандытамі рэжыму быў да смерці збіты Раман Бандарэнка. Яго смерць так і не была расследаваная, і нікому не было прад’яўлена абвінавачанне.
Я прашу вас праявіць салідарнасць у гэты дзень – любым спосабам прыцягнуць увагу да Беларусі. Гэта дапаможа нам.
Я таксама прашу Вас падтрымаць еўрапейскі выбар беларусаў як альтэрнатыву «рускаму свету». Беларусам трэба пачуць, што ім радыя ў Еўропе.
Хутка мы пачнем стратэгічны дыялог са Злучанымі Штатамі. Я прапаную Германіі зрабіць аналагічны крок. Гэта дазволіць нам рэгулярна размаўляць, распрацоўваць стратэгіі для дэмакратычных зменаў у Беларусі і рыхтавацца да пераходнага перыяду.
Я прашу Германію і надалей аказваць цвёрдую падтрымку дэмакратычным пераменам у Беларусі. Я моцна перакананая, што дэмакратычная і незалежная Беларусь, у якой няма ядзернай зброі, стане не толькі надзейным саюзнікам Германіі, але і зробіць значны ўнёсак у рэалізацыю нашага агульнага бачання Еўропы.
Давайце паабяцаем сабе ўвасобіць гэтае бачанне ў рэальнасць.
Дзякуй!»