29 красавіка Святлана Ціханоўская наведала Нарвежскі Хельсінскі Камітэт у Осла. У гэты ж дзень Міжнародная панэль парламентарыяў за свабоду рэлігіі і перакананняў, якая дзейнічае на базе Камітэта, запусціла працэс падпісання парламентарыямі з розных краін праваабарончага ліста, прысвечанага новаму беларускаму закону «Аб унясенні зменаў у заканадаўства аб дзейнасці рэлігійных арганізацыяў».
Ліст акцэнтуе ўвагу на шэрагу рэпрэсіўных палажэнняў заканадаўства ў сферы свабоды рэлігіі, якія парушаюць стандарты правоў чалавека і супярэчаць абавязальніцтвам Беларусі па міжнародным праве ў гэтай галіне. Парламентарыі заклікалі дзяржорганы Беларусі «прывесці законы і палітыку ў адпаведнасць са свабодна ўскладзенымі на сябе міжнароднымі абавязацельствамі», а таксама «прыняць канкрэтныя дзеянні для забеспячэння свабоды рэлігіі і перакананняў для ўсіх у Беларусі». Пасля падпісання ліст будзе накіраваны беларускім уладам і ў амбасады Нарвегіі ў розных краінах свету.
У склад Міжнароднай панэлі парламентарыяў за свабоду рэлігіі і перакананняў (IPPFoRB) уваходзяць больш за 350 дзейных і былых парламентарыяў і заканадаўцаў з больш чым 97 краін свету.
Раней на рэпрэсіўнасць беларускага заканадаўства ў сферы свабоды рэлігіі звярталі ўвагу і іншыя арганізацыі і інстытуцыі. Напрыклад, у лютым 2024 года «Хрысціянская візія» падала матэрыялы для даклада Спецыяльнай дакладчыцы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прысвечанай свабодзе асацыяцыі, Радзе па правах чалавека ААН за 2024 год. Таксама, у жніўні 2023 года спецыяльныя дакладчыкі ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі звярнуліся да ўладаў Беларусі ў сувязі з меркаваным унясеннем зменаў у заканадаўства аб рэлігіі. Дакладчыкі накіравалі агульны ліст па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, а таксама па пытанні аб свабодзе рэлігіі ці перакананняў.