Гэтымі днямі ў Варшаве праходзіць чацвёртая Канферэнцыя дыяспараў. У пятніцу форум распачаўся з шэрагу маштабных сайд-івэнтаў — з дыскусіямі, жывымі размовамі і супольным аналізам актуальных для беларусаў праблемаў. Адной з галоўных падзеяў стала прэзентацыя дакладу BELPOL пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
У суботу, 24 траўня, пройдуць панэльныя дыскусіі. Праз абмеркаванні і брэйнштормы ўдзельнікі і ўдзельніцы прааналізуюць працу дыяспары — і пашукаюць шляхі па паляпшэнні становішча ў ключавых кірунках:
➖легалізацыя, мабільнасць, бяспека;
➖культура, адукацыя і нацыянальная ідэнтычнасць;
➖падтрымка палітвязняў, рэпрэсаваных і добраахвотнікаў;
➖развіццё дыяспары і ўзаемадапамога;
➖фандрайзінг і практыка рэальных праектаў.
Асаблівасцю сённяшняга дня стане тое, што ўдзельнікі не толькі паслухаюць экспертаў і спікераў— але і далучацца да працы ў групах, каб разам знаходзіць канкрэтныя рашэнні для рэальных праблемаў.
Менавіта пра важнасць супольнай працы казала Святлана Ціханоўская ў вітальным слове:
«Тое, што мы сёння разам, — прыкмета таго, што нас аб’ядноўвае любоў да Беларусі і адказнасць за будучыню. Каб пераадолець гэты цяжкі і доўгі марафон, нам патрэбныя ўстойлівыя структуры беларусаў замежжа, дзе будзе месца кожнаму. Структуры, пабудаваныя на даверы, на салідарнасці і, канешне, самаарганізацыі.
Я хачу папрасіць вас, каб вынікам сённяшняй канферэнцыі ў нас з’явіўся план кампаніяў, праектаў, ініцыятываў, якія мы ўжо цяпер можам рабіць разам. Падтрымка палітвязняў, культурніцкая дыпламатыя, мабільнасць, легалізацыя, адукацыя і прыцягненне рэжыму да адказнасці. Мы павінны шукаць рашэнні разам і не чакаць ідэальных умоваў, бо іх не будзе.
Нам не трэба адчайвацца, нам не трэба шукаць апраўданняў, а проста дзейнічаць: ствараць новыя супольнасці, наладжваць новыя кантакты, пашыраць беларушчыну, падтрымліваць адно аднаго, дзяліцца ідэямі і перадаваць досвед».