Паводле заявы Міністра адукацыі Беларусі, толькі за апошнія два гады ў краіне спыненая падрыхтоўка па 57 спецыяльнасцях, а з новага навучальнага года плануецца поўнае спыненне «няпрофільнага навучання». Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала гэтыя навіны.
Прафесарка адзначыла: за заявай хаваецца вельмі сумнеўная палітыка. Такія змены могуць быць вынікам памяншэння прафесарска-выкладчыцкага складу, у тым ліку праз вымушаную эміграцыю, якая асабліва закранула асобныя ВНУ і напрамкі. Шчытцова таксама звярнула ўвагу на хранічны недахоп фінансавання ў сістэме адукацыі Беларусі: праз скарачэнні ўлады могуць сканцэнтраваць спецыяльнасці ў вузкім коле падкантрольных установаў.
Таццяна Шчытцова:
«Калі абсалютна шчыра, гаворка ідзе не пра клопат пра якасць адукацыі – наадварот, сістэма працягвае выціскаць тых, хто здольны гэтую якасць забяспечваць. У гэтых умовах заява пра «кваліфікаванасць» – гэта або наіўнасць, або цынізм. Бо асноўны крытэрый кадравай адпаведнасці сёння – асабістая лаяльнасць».