Сёння ў варшаўскім Архікатэдральным саборы святога Яна Хрысціцеля праходзіць цырымонія развітання з Аляксандрам Мілінкевічам.
У набажэнстве і жалабных мерапрыемствах узяла ўдзел Святлана Ціханоўская, якая выступіла з развітальнай прамовай.
«Дарагія родныя і блізкія Аляксандра,
дарагія сябры,
Szanowni polscy przyjaciele,
Excellencies, international friends,
Ведаеце, дагэтуль не верыцца, што Аляксандра больш няма з намі.
Да апошняга мы спадзяваліся, што ён адужае. Што адолее хваробу. Думалі, што яшчэ пачуемся і пабачымся. Разам з яго сям’ёй маліліся. Чакалі цуду…
Хочацца верыць, што цяпер, там, з нябёсаў, ён бачыць, колькі людзей прыйшло сёння з ім развітацца. Колькі тут яго сяброў, паплечнікаў, вучняў. І як шчыра яго любілі беларусы.
А Аляксандра Мілінкевіча было немагчыма не любіць.
Ён быў чалавекам рэдкай інтэлігентнасці. Меў надзвычайную эмпатыю і павагу да кожнага. Умеў слухаць — і чуць.
Памятаю, калі я да яго звярталася, ён заўсёды пачынаў з аднаго: «Чым магу дапамагчы?» І сапраўды дапамагаў — чым толькі мог.
Для яго ніколі не было толькі «я». Было «мы». Было «разам».
У яго быў рэдкі талент яднаць людзей — тое, чаго так часта не хапае ў палітыцы.
Ён быў тым палітыкам, на якога хацелася раўняцца.
У ім беларусы бачылі прыстойнага і адказнага лідара. І тую іншую Беларусь — нармальную, несавецкую, еўрапейскую.
Ён не рваўся да пасадаў. Проста ішоў туды, дзе быў найбольш карысны, і дзе мог дапамагчы агульнай справе. Праз гэту якасць яго часта называлі нашым Вацлавам Гаўлам.
Многія з тых, хто сёння ў гэтай зале, далучыліся да грамадскай працы пасля 2006 году — менавіта дзякуючы Мілінкевічу.
А без гэтых людзей не быў бы магчымы і беларускі ўздым 2020-га.
Цягам апошняга тыдня многія пісалі, што Мілінкевіч шмат працаваў дзеля Беларусі.
Але гэта не зусім дакладна.
Ён жыў Беларуссю. Дыхаў Беларуссю. Асабістае і нацыянальнае для яго былі непадзельныя.
І ён вельмі любіў наш народ. Гэтая любоў рабіла яго такім сваім. Сваім для вельмі розных людзей.
Аляксандар быў чалавекам глыбокай веры. Падтрымліваў Касцёл, беларускіх вернікаў, асабліва тых, хто трапляў пад рэпрэсіі.
Але, мне здаецца, яго вера найбольш праяўлялася ў тым, як ён ставіўся да людзей.
У Евангеллі сказана: «Добры чалавек. З добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае».
У ім было вельмі шмат гэтага добрага скарбу. Мудрасці. Спакою. Годнасці. Аптымізму. І канешне, беларускасці.
І ён шчодра ўсім гэтым дзяліўся.
Нават апынуўшыся ў выгнанні, ён працягваў беларускую справу. Працаваў з моладдзю. Выкладаў. Запусціў Вольны Беларускі Універсітэт у Варшаве.
Польшча займала асаблівае месца ў жыцці Мілінкевіча. Ён будаваў масты паміж нашымі народамі.
Быў ганаровым сябрам Саюза палякаў у Беларусі, падтрымліваў польскую меншасць і польскія школкі ў Горадні.
Разам з дырэктарам Янам Маліцкім, які сёння тут з намі, пры падтрымцы польскай дзяржавы ён запускаў Праграму Каліноўскага. Дзякуючы ёй тысячы студэнтаў атрымалі еўрапейскую адукацыю.
Мілінкевіч вельмі шмат зрабіў для беларуска-польскага сяброўства. І найлепшае сведчанне гэтаму — колькі польскіх сяброў прыйшло сёння з ім развітацца.
Вялікі дзякуй Польшчы — Міністэрству замежных справаў, Сейму, уладам Варшавы, а таксама прэм’ер-міністру і Прэзідэнту — за памяць пра Аляксандра Мілінкевіча. І за тое, як Польшча ўжо шмат гадоў падтрымлівае беларусаў.
Дарагія сябры,
Магчыма, увесь маштаб постаці Аляксандра Мілінкевіча мы зразумеем толькі праз гады.
Але ўжо сёння мы бачым, якую вялікую спадчыну ён пакінуў.
Гэта людзі, якіх ён прывёў у беларускую справу.
Вучні, якім перадаў свае веды.
Ідэі, якія ён сеяў праз усё жыццё. І праекты, якія ён запускаў.
Але найперш — гэта яго сям’я. Жонка Іна. Яго дзеці і ўнукі.
Дазвольце мне ад імя беларусаў выказаць вам самыя шчырыя спачуванні.
Спадар Аляксандар, Дзякуй за ўсё, што вы паспелі зрабіць.
Беларусам будзе Вас вельмі не хапаць.
Мы будзем працягваць Вашу справу.
І зробім усё, каб памяць пра Вас жыла. А Вашы ідэі знаходзілі новых паслядоўнікаў.
І каб Беларусь — вольная, заможная, еўрапейская, пра якую Вы так марылі, — урэшце стала рэальнасцю.
Светлая памяць».
