Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю іспанскаму выданню 20 minutos распавяла пра асноўны фокус працы Офіса, падтрымку Захаду і дзеянні, якія неабходныя для пабудовы дэмакратычнай Беларусі.
Асноўныя моманты з размовы:
📌 «Санкцыі павінны біць па гандлі дзяржавы, а не па звычайных людзях. Не варта рабіць такія падарункі дыктатару. Дыскрымінацыя беларусаў – гэта мука на млыне лукашэнкаўскай прапаганды. Ён будзе казаць, што Захад нас не чакае і што мы нікому не патрэбныя».
📌«Лукашэнка маніпулюе вайскоўцамі, таму што так гуляе рэжым. Паверце, калі будзе загад з Масквы, ён зноў прапусціць расійскую армію. У яго няма выйсця. Усё, што ў яго засталося, – гэта Пуцін».
📌 «Адсутнасць пераследу Лукашэнкі з боку Міжнароднага крымінальнага суда кажа пра тое, што міжнародныя інстытуты не працуюць так, як павінны. Ёсць доказы таго, што ён удзельнічае ў злачынствах супраць чалавечнасці, экспартуючы ўкраінскіх дзяцей. Захаду не хапае рашучасці ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі».
📌 «Цяпер мы змагаемся за выжыванне, і ў нас няма рэсурсаў для вялікіх перамог. Дэмакратычныя краіны павінны памятаць, што дапамога Беларусі – гэта не нейкая падачка. Гэта інвестыцыі ў бяспеку Еўропы. Будзем спадзявацца, што яны не спазніліся з гэтымі інвестыцыямі».
📌 «Некаторыя думаюць, што, вырваўшы Украіну з пашчы Расіі, яны пакінуць Беларусь у падарунак Пуціну. Таму мы робім усё, каб гэтага не адбылося. Але час сыходзіць. Лукашэнка крок за крокам прадае нашу незалежнасць Расіі».