6 чэрвеня, падчас працоўнага візіту ў Люксембург Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у дыскусіі «Якая будучыня чакае моладзь у Беларусі?». Асноўныя акцэнты ў сваім выступе лідарка зрабіла на рэпрэсіях, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі супраць моладзі, а таксама ўзняла пытанні візаў і стыпендыяў для маладых беларусаў і беларусак.
Святлана Ціханоўская выступіла з заключным словам:
«Дарагая Анаіс,
Дарагая Яэль Ахана,
Марго, Аліна і Поль,
Дарагія ўсе,
Для мяне вялікі гонар завяршыць гэтую панэльную дыскусію, і я хачу падзякаваць кожнаму выступоўцу за вашыя ідэі.
Асабліва я хачу падзякаваць Полю Галю за тое, што ён арганізаваў гэтае мерапрыемства і прывёз Беларусь у Люксембург. Вельмі сімвалічна, што мы пачынаем канферэнцыю з тэмы моладзі.
Я такая радая, што тэма моладзі стала цэнтральнай у нашым супрацоўніцтве з Радай Еўропы. Дарагая Яэль Ахана, прыміце маю падзяку за ваш асабісты ўдзел і за прыцягненне маладых беларусаў да працы гэтай незвычайнай арганізацыі. Я вельмі ганаруся тым, што мая дарадца Маргарыта Ворыхава была абраная супрэзідэнткай Кансультатыўнай рады па справах моладзі Рады Еўропы.
Учора я прачытала даклад Анаіс Марын пра сітуацыю ў Беларусі, які будзе прадстаўлены ў канцы гэтага месяца ў Радзе па правах чалавека. Жахліва бачыць, колькі намаганняў рэжым Лукашэнкі прыкладае для перавыхавання і індактрынацыі маладых беларусаў.
Ведаеце, дыктатары часта кажуць, што «моладзь – нашая будучыня». Так казалі нават у Савецкім Саюзе, адпраўляючы моладзь у ГУЛАГ ці на смерць за імперыю. Сёння я хацела б сказаць па-іншаму: моладзь – гэта не толькі нашая будучыня, але і яе ўласная сучаснасць. Яны жадаюць і павінны жыць сваім жыццём. І нашая задача – зрабіць гэта магчымым для іх ужо цяпер.
Маладосць – гэта лепшы час у жыцці чалавека, самы творчы, самы шчаслівы. Маладосць – гэта найперш свабода, а беларуская моладзь мае права на свабоду, як і се маладыя людзі ва ўсім свеце.
Ім трэба падарожнічаць, вучыцца, спазнаваць свет, каб стаць самімі сабой. Ім трэба ведаць, што яны гаспадары свайго жыцця і гаспадары сваёй будучыні.
Свабода – гэта найлепшы падарунак, які грамадства можа зрабіць сваёй моладзі.
Рэжым Лукашэнкі проста не можа даць маладым людзям свабоду. Бо як толькі беларуская моладзь адчула крыху свабоды, яна тут жа выйшла на вуліцы ў 2020 годзе, каб зрынуць рэжым. Таму што моладзь і дыктатура – смяротныя ворагі.
Перамены ў Беларусі непазбежныя, таму што рэжым з яго фальшывымі старымі савецкімі каштоўнасцямі нудны, а моладзь не выносіць нуды, як не выносіць несправядлівасці і хлусні.
Ніхто не можа дыктаваць маладым людзям, што ім рабіць. Можаце мне паверыць, у мяне дома ёсць падлетак. Рэжым можа прамываць дзецям мазгі хлуснёй пра гераічныя смерці за імперыю. Але як толькі гэтыя дзеці становяцца падлеткамі, яны выбіраюць жыццё замест смерці, любоў замест нянавісці, Еўропу замест імперыі, свабоду замест дыктатуры.
Нашая моладзь – гэта наш гонар. Не выпадкова сярод нашых палітвязняў, сярод нашых партызанаў-чыгуначнікаў, сярод нашых добраахвотнікаў-байцоў ва Украіне так шмат маладых людзей. Дыктатар скраў у іх свабоду і шчасце, ён прымусіў іх пакутаваць за мары аб пераменах і дэмакратыі.
Яны заслугоўваюць любой дапамогі, якую мы можам аказаць ім зараз. Таму што многія з іх паставілі свае маладыя жыцці на карту дзеля ўсіх нас.
Моладзь на нашым баку. Яны заўсёды на баку свабоды. Давайце і мы будзем на іх баку.
Мы павінны інвеставаць у маладых людзей у Беларусі. І я хачу папрасіць усе краіны даваць ім стыпендыі, стажыроўкі, практыкі і візы. Прыцягвайце іх да ўдзелу ў сваіх праграмах і мерапрыемствах, каб іх гісторыі і барацьба былі пачутымі ва ўсім свеце. Падтрымлівайце НДА, якія працуюць з маладымі беларусамі ў выгнанні.
Мы павінны далучаць іх да Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў. У адваротным выпадку іх прыцягне Расія. Вы ведаеце, што мінулы год стаў першым, калі больш маладых беларусаў паехалі вучыцца ў Расію, чым у Еўропу! Гэта менавіта тое, чаго хоча рэжым: закрыць краіну ад заходняга ладу жыцця і ідэяў. Давайце не дазволім гэтаму здарыцца. Калі мы страцім моладзь, мы страцім будучыню.
Мы павінны ўвесь час нагадваць беларускай моладзі, што ніколі не перастанем змагацца за яе. За яе правы, за свабоду, за шчасце тут і зараз.
У гэтым выпадку яны абавязкова паклапоцяцца пра будучыню, калі прыйдзе іх час. Я давяраю ім, і яны павінны давяраць вам. Чым больш мы зробім для іх зараз, тым лепшай будзе будучая Беларусь.
У гэтай будучай Беларусі моладзь зможа свабодна і без страху рэалізоўваць свае мары. Мы бачым Беларусь, дзе адукацыя, свабода і дэмакратычны ўдзел даступныя для ўсіх.
Дзякуй вам вялікі,
Жыве Беларусь!»