Падчас візіта ў Канаду Святлана Ціханоўская сустрэлася з Івонкай Сурвілай – знакавай фігурай для беларускай палітыкі і грамадзянскай супольнасці. Спадарыня Івонка – не толькі старшыня Рады БНР. Дзякуючы працы фонда, які яна ачольвала, на аварыю на Чарнобыльскай АЭС звярнула ўвагу сусветная супольнасць, пасля чаго на ліквідацыю наступстваў катастрофы былі скіраваныя вялікія сродкі. Менавіта спадарыня Івонка займалася арганізацыяй лячэння і рэабілітацыі беларускіх дзяцей за мяжой.
Падчас цёплай, сяброўскай сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, а таксама – актуальныя пытанні беларускай дыяспары. Акрамя гэтага, ішла размова пра сумесную працу Рады БНР і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
«Я вельмі ўдзячная спадарыні Івонцы за яе працу. Працу, якая заўсёды была накіравана на абарону інтарэсаў беларусаў, ахову нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і дэмакратычных памкненняў. Менавіта таму я ўзнагародзіла спадарыню Івонку Крыжам Адраджэння Беларусі – першай такой узнагародай, распрацаванай Геральдычнай радай», – адзначыла Святлана Ціханоўская.