• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Надышоў час дэмакратыям паказаць свае зубы»

    06 сакавіка, 2024

    Святлана Ціханоўская выступіла на Пленарным сходзе Еўрапейскай народнай партыі:

    «Паважаны Генеральны сакратар,

    Паважаны Старшыня,

    Паважаныя ўдзельнікі і ўдзельніцы з’езда,

    Выступаючы перад вамі, я адчуваю сябе нібы сярод сяброў. І я прыехала сюды сёння, каб падзякаваць вам!

    На працягу многіх гадоў Еўрапейская народная партыя была рухаючай сілай, якая выступала ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі – як у Еўрапейскім парламенце, так і ў іншых структурах.

    Вы сталі нашым голасам. Нашай падтрымкай. Але таксама і нашай надзеяй. Надзеяй на тое, што Беларусь нарэшце пазбавіцца жорсткай тыраніі. Вырвецца з расійскіх кіпцюроў. І стане часткай Еўрапейскага саюза.

    Змагацца за дэмакратыю нялёгка. Каб перамагчы ў гэтай барацьбе, нам патрэбныя абаронцы. І сёння ў гэтай зале знаходзяцца багата такіх людзей.

    Нам патрэбныя такія абаронцы, як Раберта Мецола, з якой я была знаёмая яшчэ да таго, як яна заняла такую важную пасаду. «Які лідар!» – такім было маё першае ўражанне аб ёй. Яна натхніла мяне працягваць сваю барацьбу, і я памятаю яе словы: «Мы моцныя, таму што мы жанчыны». Дзякуй!

    Нам патрэбныя такія абаронцы, як Манфрэд Вэбер ці Урсула фон дэр Ляен. Адразу пасля захопу Лукашэнкам рэйса Ryanair, вы прынялі магутны пакет санкцыяў супраць рэжыму і прынялі для Беларусі пакет дапамогі ў памеры 3 мільярдаў еўра, якія стануць даступнымі пасля дэмакратычных зменаў. Дзякуй!

    Нам патрэбныя такія абаронцы, як Габрыэлюс Ландсбергіс ці Радаслаў Сікорскі. Літва і Польшча адчынілі свае дзверы для тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў, – уключаючы мяне. Яны выдалі візы, дазволілі людзям застацца і прынялі беспрэцэдэнтныя крокі, каб супрацьстаяць дыктатарам. А менавіта такія крокі і патрэбныя ў барацьбе з дыктатарамі. Дзякуй!

    Нам патрэбныя такія абаронцы, як Антоніа Таяні ці Урмас Рэйнсалу. Абаронцы, дастаткова смелыя, каб у такія нестандартныя часы прымаць нестандартныя рашэнні. Урмас, калі быў міністрам замежных справаў Эстоніі, арганізаваў слуханне па Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Дзякуй!

    Часам мы жартуем, што Беларусь у Еўрапейскім парламенце мае сваю мафію. І большасць яе сяброў – з Еўрапейскай народнай партыі. Андрус Кубілюс, Раса Юкнявічэне, Анджэй Халіцкі, Сандра Калніетэ і многія іншыя. Дзякуй, што падзяляеце беларускі народ і рэжым у Беларусі. Дзякуй, што нагадваеце свету пра нашых палітычных вязняў. Дзякуй!

    Вядома, я хацела б падзякаваць кожнаму з вас, хто знаходзіцца сёння ў гэтай зале, што падтрымліваеце нас. Беларусы ніколі не забудуць вашую падтрымку і салідарнасць.

    Хутка вы пачняце выбарчую кампанію ў Еўрапейскі парламент, і я заклікаю кожнага і кожную з вас у гэтай зале стаць абаронцамі дэмакратыі. Стаць абаронцамі ўсіх тых, хто рызыкуе сваім жыццём і свабодай у імя каштоўнасцяў, якія мы ўсе тут падзяляем.

    Я прашу вас уключыць Украіну і Беларусь у свае выбарчыя праграмы.

    Я таксама прашу вас даць Украіне ўсё, што ёй патрэбна. Многія беларусы зараз змагаюцца за свабоду Украіны. Многія з іх аддалі свае жыцці ў гэтай барацьбе.

    Таму што мы разумеем, што гэта не толькі іх барацьба – гэта наша агульная барацьба за свабоду.

    Я прашу вас стаць на бок тых, хто змагаецца за свабодную Беларусь. Перамены ў Беларусі дапамогуць Украіне перамагчы хутчэй і стануць магутным ударам па Пуціне.

    І не забывайцеся: дыктатараў нельга ўлагодзіць. Дыктатараў нельга перавыхаваць. З імі можна толькі змагацца.

    Надышоў час дэмакратыям паказаць свае зубы.

    Дарагія сябры,

    Магчыма, у нас яшчэ доўгая дарога на шляху да свабоды. Але я ўпэўненая, што з такімі саюзнікамі, як ЕНП, мы зможам здзейсніць нашую мару.

    Дзякуй, што падтрымліваеце Беларусь. Дзякуй, што абараняеце нашую мару аб Еўропе.

    Слава Украіне!

    Жыве Беларусь!

    Жыве Еўропа!»

    Апошнія навіны