Абмеркавалі прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, падтрымку літоўскага звароту ў Міжнародны крымінальны суд і ўзаемадзеянне з іншымі краінамі ў пытаннях адказнасці. Дамовіліся аб устанаўленні пастаяннай камунікацыі паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Міністэрствам юстыцыі па гэтых напрамках.
Беларуская лідарка падзякавала Літве і яе ўраду за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. Міністр запэўніў, што дэмакратычная і незалежная Беларусь – адзін з прыярытэтаў новага ўрада.
Святлана Ціханоўская: «Я ўдзячная міністру юстыцыі за прынцыповасць, паслядоўнасць і смеласць. Упэўненая, разам мы зможам дасягнуць многага для аднаўлення законнасці і справядлівасці ў Беларусі і прыцягнення злачынцаў рэжыму да адказнасці».
Павел Латушка: «Гэта першая сустрэча з новым міністрам юстыцыі Літвы. Фактычна на другім тыдні сваёй працы ён прапанаваў абмеркаваць магчымае супрацоўніцтва па актуальных пытаннях. Галоўнай тэмай стала далейшае ўзаемадзеянне, звязанае з перадачай Літвой звароту ў Міжнародны крымінальны суд па расследаванні беларускай сітуацыі, датычнай трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці.
Важна падкрэсліць: Літва будзе працягваць – і гэта адзін з прыярытэтаў новага ўрада – сваю праактыўную дзейнасць, каб Лукашэнка і яго хаўруснікі былі прыцягнутыя да адказнасці з выкарыстаннем розных міжнародных інструментаў.
Акрамя таго, 30 пазаўрадавых арганізацый выказалі гатоўнасць перадаваць у адрас пракурора МКС інфармацыю, якая пацвярджае здзяйсненне рэжымам злачынстваў супраць чалавечнасці трансгранічнага характару, як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін Еўрасаюза»