Кожнага 1 верасня я здзіўляюся – як жа хутка ляціць час. Быццам толькі ўчора мы разам з Сяргеем вялі Карнея на лінейку – вельмі ўсхваляваныя, але гордыя бацькі. А сёння не магу паверыць, што ўжо трэці год наша, такая дарослая Агнія, сама апранае кашулю і закідвае на спіну школьны заплечнік. Невыносна балюча ад таго, што Сяргей не можа ўзяць яе за руку ў такі важны дзень. Не можа падбадзёрыць Карнея, а мне з усмешкай сказаць: «Ты проста паглядзі, якія ж у нас цудоўныя дзеці!»
На жаль, чарговы Дзень ведаў азмрочваецца тым, што наша сям’я разарваная – і мы такія не адны. Але я ўпэўненая, што галоўнае, што мы можам даць дзецям – адчуванне бясконцай любові і падтрымкі. Гэта – тая апора, якая дапаможа ім пераадолець любыя дзіцячыя хваляванні: ці то непаразуменні з настаўніцай, ці то першую «двойку», ці то першую закаханасць.
Дарагія бацькі! Цярплівасці вам і моцы, каб быць здольнымі даць дзеткам самыя галоўныя веды – як заставацца чалавекам у любых абставінах. Як любіць, калі свет напоўнены трывогай. Як захоўваць спагаду, калі іншыя губляюць надзею. Як быць моцнымі, калі цяжкасці здаюцца непераадольнымі.