• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Алесь Бяляцкі сімвалізуе непераможны дух беларускага народа»

    19 сакавіка, 2024

    Святлана Ціханоўская ў Бруселі выступіла з прамовай на выставе, прысвечанай Алесю Бяляцкаму:

    «Паважаныя сябры і госці

    і, вядома, мае дарагія беларусы!

    Для мяне вялікі гонар выступаць перад вамі тут – на гэтай выдатнай выставе, прысвечанай нашаму герою і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму.

    Перш за ўсё дазвольце мне выказаць падзяку ўсім арганізатарам і паважаным гасцям.

    У прыватнасці, я хачу падзякаваць сябрам Еўрапейскага парламента Анджэю Галіцкаму, Уладзімежу Карпінскаму, Сандры Калніеце, Дацы Мелбардзе і, вядома, нашаму дарагому сябру Андрусу Кубілюсу. Дзякуй за ўсё, што вы зрабілі і працягваеце рабіць для народа Беларусі.

    Вялікі дзякуй беларусам, якія ініцыявалі гэтую выставу і сумесна яе арганізавалі. Дзякуй Алесю Зарэмбюку – дырэктару Беларускага дому ў Варшаве, і Наталлі Калядзе з Беларускага свабоднага тэатра. Дарэчы, Наталля, віншую з узнагародай – Ордэнам Брытанскай імперыі. Вы праўда яе заслужылі!

    Дарагія сябры,

    Алесь Бяляцкі – не проста актывіст ці праваабаронца. Ён сімвалізуе непераможны дух беларускага народа.

    Гэтая выстава называецца «Я не баюся, няхай яны баяцца». Гэтыя простыя словы нагадваюць нам пра моц і мужнасць Алеся, як і ўсяго беларускага народа.

    На жаль, у Беларусі многія цудоўныя людзі трапілі ў турму за тое, што адстойвалі дабро. Іх утрымліваюць у жорсткіх умовах і ізалююць ад сем’яў толькі за тое, што яны жадаюць волі і лепшага жыцця.

    Мы памятаем пра такіх адважных людзей, як журналіст Анджэй Пачобут. Іх караюць за перакананні. За тое, што яны гавораць праўду і развенчваюць хлусню рэжыму.

    Мы памятаем пра Машу Калеснікаву, Міколу Статкевіча.

    Мы памятаем пра кожнага з больш за 1400 палітычных зняволеных.

    Многія, як і Алесь, знаходзяцца ў ізаляцыі.

    Такім чынам рэжым помсціць Алесю за ягоную мужнасць і прынцыпы. Рэжым помсціць Алесю за яго дабрыню і адкрытае сэрца. Рэжым помсціць Алесю за тое, што ён еўрапеец і адстойвае каштоўнасці гуманізму.

    Алесь ахвяраваў сваёй свабодай, бо верыў у свабоду для ўсіх. Ён верыў, што пакуль свабоднымі не будуць усе, свабодным не будзе ніхто.

    Але калі рэжым думае, што турма зламае Алеся, ён памыляецца. Такія людзі, як Алесь, як усе нашыя палітычныя вязні, – яны непахісныя.

    Мы працягнем змагацца, пакуль на волю не выйдуць усе. Мы будзем працягваць змагацца, пакуль Беларусь не стане па-сапраўднаму незалежнай, дэмакратычнай краінай. Мы будзем працягваць змагацца, каб Беларусь вярнулася ў еўрапейскую сям’ю народаў, у якой і ёсць яе гістарычнае месца.

    І, канешне ж, мы будзем працягваць падтрымліваць украінцаў, нашых суседзяў, у іх барацьбе за свабоду. Перамога Украіны будзе і нашай перамогай.

    Дарагія сябры,

    Гэтая выстава пра Алеся Бяляцкага насамрэч не толькі пра аднаго чалавека. Яна пра ўсіх нас – пра людзей, якія хочуць свабоды. Тут мы можам вучыцца, разумець і падтрымліваць адно аднаго.

    25 сакавіка мы адзначаем Дзень Волі. У гэты дзень 106 гадоў таму Беларусь аб’явіла сваю незалежнасць.

    І я заклікаю вас усіх адзначыць гэты дзень разам з намі. Прыходзьце на мітынгі, рабіце заявы і пішыце палітычным вязням. Напамінайце свету аб такіх смелых людзях, як Алесь.

    Давайце пакажам Алесю і ўсім палітычным вязням, што яны не забытыя і што мы ўсе змагаемся за іх.

    Давайце і далей змагацца разам.

    Жыве Беларусь! Жыве свабода!»

    Апошнія навіны