Беларуская лідарка пракаментавала планы Камітэта па нацыянальнай бяспецы Літвы па закрыцці яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю:
«Мы разумеем асцярогі службаў бяспекі Літвы, але закрыццё пагранпераходаў для пасажыраў – гэта лячэнне сімптомаў, а не прычынаў праблемы. Закрыццё ўдарыць найперш па беларусах, якія ў большасці супраць Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну. Не трэба будаваць жалезную заслону. Бо ад ізаляцыі беларусаў выйграюць толькі Лукашэнка і Пуцін. Для многіх беларусаў мяжа з Літвой – гэта адзіная сувязь са свабодным светам. А для некаторых – адзіная магчымасць выратавацца ад рэпрэсій.
Канешне, сярод тых, хто прыязджае, могуць быць і памагатыя рэжыму. Давайце іх выяўляць. І многія беларускія ініцыятывы ўжо самастойна гэта робяць, як у выпадку з Маціевічам, і дзеляцца звесткамі з літоўскім бокам. Можна перагледзець сістэму праверак, і мы гатовы ў гэтым дапамагаць.
Ізаляваць трэба Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Абмяжоўваць трэба грузаперавозкі, і ў першую чаргу патокі гандлю падсанкцыйных тавараў. А пасажырскія зносіны неабходна захаваць».