• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Сустрэчы з Генсекам Рады Еўропы і міністрам замежных справаў Арменіі, сустрэча з беларусамі ў Вільні. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўская 17-23 чэрвеня

    25 чэрвеня, 2024

    СУПРАЦОЎНІЦТВА З РАДАЙ ЕЎРОПЫ

    Святлана Ціханоўская сустрэлася з Генеральнай Сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч у сваім офісе ў Вільні. Падчас размовы яны абмеркавалі працяг працы Кантактнай групы, распрацоўку дарожнай карты па ўступленні Беларусі ў Раду Еўропы і стварэнне інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Вільні. Пасля сустрэчы Ціханоўская і Пейчынавіч-Бурыч далі брыфінг для прэсы. 

    СУПРАЦОЎНІЦТВА З ПАРЕ

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава правяла сустрэчы ў Страсбургу з Генеральнай сакратаркай ПАРЕ Дэспінай Хадзівасіліу-Цавіліс (Despina Chatzivassiliou-Tsovilis) і намеснікам генсека Рады Еўропы Б’ёрнам Бэрге. Былі абмеркаваныя прыярытэты ў моладзевай палітыцы Рады Еўропы. Як вынік, Рада прыярытэзуе заяўкі ад беларускіх моладзевых арганізацыяў і будзе глыбей інтэграваць беларусаў у еўрапейскія структуры і сумесныя мерапрыемствы.

    ДАКУМЕНТАЦЫЯ ЗЛАЧЫНСТВАЎ РЭЖЫМУ

    ААН вызначыла склад групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У склад групы ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базілі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыстка-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія), якая прызначана кіраўніцай групы. Група будзе займацца дакументацыяй злачынстваў рэжыму, выяўляць вінаватых і спрыяць прыцягненню іх да адказнасці. Прызначэнне групы стала вынікам рашэння Рады па правах чалавека, працы беларускіх праваабаронцаў і дэмакратычных сілаў.

    БЕЛАРУСЬ — АРМЕНІЯ

    Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам у Вільні. Ціханоўская і Мірзаян абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі, Арменіі і рэгіёне, а таксама супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з урадам, парламентам і грамадзянскай супольнасцю Арменіі. Ціханоўская папрасіла Ерэван не экстрадаваць беларускіх грамадзянаў у Арменіі, якім пагражае пераслед у Беларусі. Пасля сустрэчы Ціханоўская заявіла, што беларускі і армянскі народы заслугоўваюць еўрапейскай і дэмакратычнай будучыні. Сустрэча адбылася на фоне рашэння Ерэвану не ўдзельнічаць у мерапрыемствах АДКБ і заяваў прэм’ера Пашыняна, што ён не прыедзе ў Мінск, пакуль там кіруе Лукашэнка. 

    БЕЛАРУСКІЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ СІЛЫ Ў ААН

    Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі пацвердзіў, што беларускія дэмакратычныя сілы змогуць атрымаць статус сталага назіральніка ў ААН. Гэту ідэю падтрымалі сенатары ЗША і накіравалі ліст для падрыхтоўкі заяўкі прадстаўніку ЗША ў ААН. У ім падкрэсліваецца, што «Злучаныя Штаты прызнаюць Святлану Ціханоўскую законнай пераможцай прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і легітымнай прадстаўніцай беларускага народа. Такім чынам, урад ЗША супрацоўнічае з яе Офісам і тымі, хто супрацьстаіць аўтарытарнаму рэжыму Лукашэнкі, каб падтрымаць суверэнную, дэмакратычную будучыню беларусаў».

    100-ГОДДЗЕ З НАРАДЖЭННЯ ВАСІЛЯ БЫКАВА

    Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай да беларусаў і беларусак з нагоды 100-гадовая юбілею Васіля Быкава. Рэжым дэманстратыўна праігнараваў юбілей беларускага пісьменніка. На старонках Офіса ў сацыяльных сетках сабраныя цытаты Быкава пра Беларусь, незалежнасць і свабоду, якія штодзень натхняюць супрацоўнікаў Офіса Святланы Ціханоўскай.

    ПАКАЗ ФІЛЬМУ І СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСАМІ

    У Вільні адбылася прэм’ера брытанскага дакументальнага фільма пра Беларусь «Выпадковая прэзідэнтка». Паказ адбыўся ў будынку былой Лукішскай турмы пад адкрытым небам. Удзел узялі больш за 300 чалавек, у тым ліку многія беларусы. Пасля сустрэчы адбылася дыскусія з удзелам Святланы Ціханоўскай і Франака Вячоркі. 

    ЯК РАСІЯ ЎПЛЫВАЕ НА БЕЛАРУСЬ

    19 чэрвеня адбыўся вэбінар, прысвечаны ўплыву Расіі на Украіну і Беларусь, арганізаваны Украінска-Беларускім хабам Warwick у супрацоўніцтве з Офісам Святланы Ціханоўскай. Падчас дыскусіі абмяркоўвалі спосабы, як выцягнуць Беларусь з пад уплыву Расіі, а таксама наколькі моцныя праеўрапейскія настроі сярод беларусаў. Удзел у сустрэчы браў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

    ЗАКРЫЦЦЁ ПАМЕЖНЫХ ПЕРАХОДАЎ

    Святлана Ціханоўская адрэагавала на заяву міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага пра магчымасць поўнага закрыцця польска-беларускіх памежных пераходаў. Лідарка падкрэсліла: меры трэба напраўляць супраць дыктатара, а не супраць народа, інакш адзіным адкрытым кірункам для беларусаў стане Расія.

    ПАЛІТВЯЗНІ 

    Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных партнёраў дабівацца доступу да турмаў і вызвалення ўсіх палітзняволеных. Многія больш за год знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, у тым ліку: Ігар Лосік, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Віктар Бабарыка. 500 дзён нічога не чутна ад Мікалая Статкевіча. Па сукупных дадзеных праваабаронцаў сёння ў Беларусі больш за 1500 палітвязняў. Таксама на гэтым тыдні споўнілася чатыры гады са дня затрымання Віктара і Эдуарда Бабарыкаў.

    РУСІФІКАЦЫЯ СІСТЭМЫ АДУКАЦЫІ БЕЛАРУСІ

    Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліна Коўшык назвала «актам абсурду» рашэнне рэжыму прысвоіць Ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага. А Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі прыняла ўдзел у канферэнцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы «Luxembourg solutions» і патлумачыла, чаму беларускім навукоўцам складаней знайсці падтрымку, чым навукоўцам з Расіі.

    МЕДЫЯ

    19 чэрвеня Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю БелСАТ (Беларусь), дзе расказала, пра сваю сустрэчу ў Віленскім офісе з Генеральнай Сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч. На RFI Radio France Internationale (Міжнароднае) з гэтай нагоды выйшаў матэрыял пра распрацоўку дарожнай карты і інтэграцыю Беларусі ў Раду Еўропы, а таксама тры матэрыялы на медыя Позірк (Беларусь). 20 чэрвеня беларуская лідарка дала вялікае інтэрв’ю тэлеканалу 1inTV (Арменія), дзе распавяла пра сваё стаўленне да АДКБ і якімі яна бачыць сапраўдныя палітычныя саюзы. Таксама нагадаем пра інтэрв’ю на RTL (Люксембург).

    Апошнія навіны