Студзень адзначыўся шэрагам міжнародных сустрэчаў і рашэнняў, якія датычацца як падтрымкі дэмакратычных сілаў, так і практычных патрэбаў беларусаў за мяжой. У фокусе месяца — каардынацыя з міжнароднымі партнёрамі, праца па вызваленні палітвязняў, а таксама пытанні дакументаў і адукацыі. Ніжэй — галоўныя падзеі Офіса Святланы Ціханоўскай.
- Першая двухбаковая сустрэча Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Гэта была першая асабістая сустрэча ў такім фармаце. Абмеркавалі супольныя крокі з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, санкцыйную палітыку, прыцягненне Лукашэнкі і памагатых рэжыму да адказнасці (у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей). Святлана Ціханоўская таксама прапанавала прызначыць спецпасланніка па Беларусі і ўзмацніць супрацоўніцтва з Місіяй дэмакратычных сілаў у Кіеве. Прэзідэнт Зяленскі запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Кіеў.
- Візіт у Давос. На палях Сусветнага эканамічнага форуму Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з міжнароднымі лідарамі і ўплывовымі асобамі, а таксама ўдзельнічала ў дыскусіях на галоўных пляцоўках форуму.
- Атрымалася адстаяць беларускую школу Скарыны ў Вільнюсе дзякуючы намаганням Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве і Офіса Святланы Ціханоўскай.
- Польшча: сустрэча з прэзідэнтам Каралем Наўроцкім. Абмеркавалі працэс вызвалення палітвязняў, сітуацыю з Анджэем Пачобутам, бяспеку ў рэгіёне, адносіны з адміністрацыяй ЗША і магчымыя сумесныя ініцыятывы ў падтрымку беларускай супольнасці ў Польшчы. Таксама прэзідэнт правёў калядны прыём з беларусамі, дзе сабраліся больш за 150 чалавек.
- Сустрэча з вызваленымі палітвязнямі ў Варшаве. Разам з Паўлам Латушкам Святлана Ціханоўская сустрэлася з больш як 40 вызваленымі палітвязнямі, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Гаварылі пра легалізацыю, уладкаванне жыцця ў Польшчы, магчымасці наступных вызваленняў і пытанні бяспекі.
- Іспанія пачала прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. 20 чэрвеня 2025 года Святлана Ціханоўская дамовілася пра гэта з міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарэсам, дамоўленасці былі фіналізаваныя ў студзені 2026 пры падтрымцы іншых міністэрстваў.
- Сустрэча з міністрам замежных справаў Эстоніі Маргусам Цахкнам. Абмеркавалі бяспеку ў рэгіёне, наступныя крокі па вызваленні палітвязняў, супольныя ініцыятывы ў міжнародных арганізацыях і планы на 2026 год. Асобна — працу Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне і магчымасць пашырэння яе дзейнасці.
Шукайце іншыя падзеі і ўсе навіны па спасылцы.
