Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава выказала пазіцыю наконт прапанаваных паправак у заканадаўства аб адукацыі Беларусі:
«Змены заканадаўства абмяжоўваюць акадэмічныя і прафесійныя свабоды моладзі, уводзяць кантроль за іх асабістай свабодай. Гэта парушэнне базавых правоў чалавека. А выключэнні для тых, хто ўступае ў сілавыя структуры, КДБ і іншыя ваенізаваныя арганізацыі, прымушаюць моладзь выбіраць сумнеўныя кар’ерныя шляхі, бо яны ратуюць ад абавязковых размеркаванняў.
У той жа час закрыццё Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці падкрэсліла адмоўны трэнд на скарачэнне адукацыйнай разнастайнасці, а таксама адсутнасці альтэрнатывы дзяржаўным ВНУ. Такое становішча прадыктаванае сістэмным шматгадовым ціскам на прыватны адукацыйны сектар.
Усе гэтыя змены правакуюць адток маладых спецыялістаў, што вядзе да яшчэ большай страты інтэлектуальнага і чалавечага патэнцыялу, зніжэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і зніжэння агульнага ўзроўню жыцця.
Беларусі патрэбныя зусім іншыя рэформы ў сістэме адукацыі. Тыя, што задаволяць патрэбы моладзі. Мы прапануем развіваць і падтрымліваць прыватныя навучальныя ўстановы, ствараць умовы для акадэмічнай свабоды і прафесійнага развіцця, узмацняць падтрымку стартапаў і прадпрымальніцкіх ініцыятываў. Такі падыход дазволіць утрымаць таленавітых маладых людзей у краіне, даць ім магчымасць рэалізаваць амбіцыі і зрабіць унёсак у развіццё Беларусі».