Па выніках двух дзён працы Канферэнцыі «Новая Беларусь» дэмакратычныя сілы прынялі пакет рэзалюцыяў. Ён ахоплівае ключавыя пытанні будучыні краіны: ад нацыянальнай ідэнтычнасці, еўрапейскага выбару і бяспекі да вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсіяў і абароны правоў чалавека. Дакументы вызначаюць агульны курс дэмакратычных сілаў, патрабаванні да рэжыму і заклікі да міжнароднай супольнасці. Каротка — пра галоўнае ў кожным з дакументаў.
Палітычная рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі
Пацвярджае мэты захавання незалежнасці і пераходу да дэмакратыі, асуджае ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны, патрабуе спынення рэпрэсіяў, вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў, заклікае да міжнароднай падтрымкі і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Вызваленне палітзняволеных без новых ахвяраў
Патрабуе поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсіяў і практыкі «палітычнага гандлю» людзьмі, гарантавання доступу адвакатаў і міжнародных назіральнікаў, заклікае да выкарыстання ўсіх дыпламатычных і гуманітарных механізмаў для спынення палітычнага пераследу.
Канстатуе страты суверэнітэту Беларусі і гібрыдную акупацыю з боку Расіі, патрабуе вываду войскаў, забароны ядзернай зброі, выхаду з прамаскоўскіх саюзаў і далучэння да еўрапейскай сістэмы калектыўнай бяспекі.
Аб дасягненні справядлівасці ў Беларусі
Асуджае міжнародныя злачынствы і пераследы беларусаў за мяжой з боку рэжыму Лукашэнкі, падтрымлівае перадачу «беларускай сітуацыі» ў Міжнародны крымінальны суд і стварэнне міжнароднай кааліцыі для ажыццяўлення правасуддзя і абароны ахвяраў.
Аб недапушчальнасці парушэння свабоды сумлення і веравызнання ў Беларусі
Асуджае рэпрэсіі супраць рэлігійных супольнасцяў, патрабуе адмены рэпрэсіўных паправак, вызвалення зняволеных святароў і аднаўлення правоў супольнасцяў, заклікае да міжнароднай падтрымкі і салідарнасці.
Аб супрацьдзеянні гібрыднай агрэсіі з боку Расіі
Асуджае гібрыдную агрэсію і экспансію Расіі, падкрэслівае еўрапейскую інтэграцыю як альтэрнатыву «рускаму міру» і заклікае да міжнароднай падтрымкі, культурніцкіх і адукацыйных абменаў, умацавання ідэнтычнасці.
Дэкларацыя ў падтрымку нацыянальнай ідэнтычнасці
Замацоўвае мову і культуру як асновы незалежнасці, заклікае да іх абароны, развіцця культурніцкай дыпламатыі і падтрымкі дыяспары.
Еўрапейскі выбар Беларусі і падрыхтоўка дарожнай карты інтэграцыі ў ЕС
Пацвярджае курс на ЕС, абвяшчае падрыхтоўку дарожнай карты інтэграцыі, заклікае да пашырэння супрацоўніцтва і зняцця візавых бар’ераў.
Праект рэзалюцыі аб ролі моладзі ў змаганні з аўтарытарызмам
Прызнае беларускую моладзь важнай сілай дэмакратычных зменаў, асуджае рэпрэсіі, мілітарызацыю адукацыі. Заклікае да міжнароднай падтрымкі моладзі, пашырэння праграмаў мабільнасці, прызнання беларускіх дыпломаў за мяжой і аказання псіхалагічнай дапамогі моладзі ў выгнанні. Падкрэслівае неабходнасць стварэння бяспечных моладзевых прастораў, пашырэння прадстаўніцтва моладзі ў дэмакратычных структурах і развіцця лідарства.