• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай перад Домам Грэцыі Сусветнага эканамічнага форуму, 2024

    15 студзеня, 2024

    «Дарагія сябры,

    Для мяне вялікі гонар сёння выступаць перад вамі тут, у Давосе. Дзе ж абмяркоўваць лёс дэмакратыі, калі не ў Доме Грэцыі – краіны, якая з’яўляецца калыскай дэмакратыі.

    Сёлета прагаласаваць у сваіх краінах зможа больш за палову насельніцтва свету. 2024 г. можа стаць вырашальным для дэмакратыяў па ўсім свеце.

    Для нас гэта будзе вялікае выпрабаванне. Ці змогуць дэмакратыі абараніць сябе, ці перамогуць сваіх ворагаў? Ці дазволяць тыранам і папулістам прыйсці да ўлады?

    Пагрозы дэмакратыі зыходзяць як знутры, так і звонку. Унутраныя пагрозы выяўляюцца ў разбурэнні дэмакратычных інстытутаў і каштоўнасцяў знутры.

    Такія пагрозы раз’ядаюць дэмакратыю, як тэрміты раз’ядаюць дрэва, і будуць раз’ядаць яе да таго часу, пакуль яна не апынецца на мяжы краху. Беларусь была яшчэ маладой дэмакратыяй і стала ахвярай дыктатара, які так прагне ўлады.

    Знешне дэмакратыя сутыкаецца з выклікамі з боку аўтарытарных рэжымаў, якія імкнуцца пашырыць свой уплыў і падарваць дэмакратычныя нормы.

    У барацьбе з гэтымі пагрозамі нашы лепшыя саюзнікі – стойкасць і салідарнасць.

    Нам трэба змагацца за дэмакратыю на двух франтах. З аднаго боку, мы павінныя сумесна працаваць над умацаваннем дэмакратыі знутры, будуючы моцныя, празрыстыя і сумленныя інстытуты.

    З іншага боку, мы павінныя адзіным фронтам супрацьстаяць тыраніі. Таму што тыранія падобная да раку, які не перастане расці, пакуль яго не выдаліць цалкам.

    Калі застанецца хаця б адна ракавая клетка – рак вернецца і ў выніку зможа вас забіць. З ракам тыраніі неабходна змагацца, а не ісці на кампрамісы.

    У нашым рэгіёне лёс дэмакратыі вырашаецца ў Беларусі і Украіне. Мы абараняем ад імперскіх амбіцыяў Расіі не толькі нашую свабоду і суверэнітэт.

    Мы змагаемся за самі каштоўнасці дэмакратыі. Правы чалавека. Вяршэнства закону. Свабоду слова. І ад выніку гэтай барацьбы будзе залежыць будучыня ўсёй Еўропы.

    Ва Украіне Расія ваюе ракетамі і танкамі. У Беларусі яна ваюе з дапамогай тэрору, палітычных і эканамічных інструментаў. Расія не разглядае Беларусь і Украіну як незалежныя краіны.

    У Беларусі Расіі дапамагае самаабвешчаны дыктатар Лукашэнка, які прадае наш суверэнітэт Пуціну толькі для таго, каб захаваць уладу за сабой і сваёй элітай.

    Верагодна, ён адзіны дыктатар, які не прымае нацыянальную ідэнтычнасць свайго народу і марыць аб адраджэнні Савецкага Саюза – турмы народаў, як яго варта называць.

    На прыкладзе Беларусі ясна бачна, што можа адбыцца, калі занядбаць дэмакратычныя інстытуты. Мінула 30 гадоў з таго часу, як у Беларусі прайшлі апошнія свабодныя выбары.

    Паабяцаўшы навесці парадак, дыктатар знішчыў парламент, незалежныя суды і сродкі масавай інфармацыі. Ён ператварыў маю краіну ў паліцэйскую дзяржаву, дзе выбары сталі рытуалам без сэнсу і рэальнага выбару.

    У 2020 годзе беларускі народ аб’яднаўся супраць несправядлівасці. Пасля многіх гадоў самаўпраўнасці ўлады, бяздарнага кіравання і рэпрэсіяў беларусы запатрабавалі пераменаў.

    Мой муж вырашыў кінуць выклік дыктатару і пайсці на выбары супраць яго. Яго адразу ж пасадзілі ў турму. Каб падтрымаць яго, я вылучыла сваю кандыдатуру замест яго.

    Наша заклік да пазітыўных пераменаў знайшоў водгук у народу. І ён падарыў мне рашучую перамогу на выбарах. Для нас гэта быў гістарычны момант. Але дыктатар адмовіўся сысці і развязаў беспрэцэдэнтны тэрор супраць уласнага народу.

    Тысячы людзей былі арыштаваныя. Многіх утрымліваюць без сувязі са знешнім светам. Я не атрымлівала вестак пра свайго мужа ўжо амаль год. І ходзяць чуткі, што яго ўжо няма ў жывых. Літаральна на мінулым тыдні мы даведаліся пра смерць яшчэ аднаго палітвязня – Вадзіма Храсько. Ён загінуў за кратамі.

    Нягледзячы на тэрор, людзі працягваюць падпольны супраціў. Мы будуем дэмакратычныя інстытуты ў выгнанні. Мы падтрымліваем тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі.

    Рэжым спрабуе рэпрэсаваць і беларусаў у выгнанні. Ім адмаўляюць у консульскіх паслугах, такіх як падаўжэнне пашпартоў. Мы працуем над вырашэннем гэтай праблемы, у тым ліку над новым беларускім пашпартам, каб дапамагчы тым, хто можа застацца без дзейных дакументаў.

    Мы не можам правесці вулічныя пратэсты, але мы можам рыхтавацца да новых магчымасцяў. Я ўпэўненая, што дыктатура абрушыцца, і нам трэба рыхтавацца да гэтага.

    Таму мы працуем над рэформамі, якія дапамогуць прадухіліць вяртанне дыктатуры з дапамогай трывалых дэмакратычных інстытутаў.

    Мы ўжо распрацавалі новую канстытуцыю, а таксама эканамічныя і палітычныя рэформы, якія дапамогуць нам інтэграваць Беларусь у еўрапейскую эканоміку.

    Так, гэта гучыць амбіцыйна. Але ў нас ёсць дакладнае бачанне. Мы хочам вярнуць Беларусь у Еўропу, дзе яна гістарычна і была.

    Мы верым, што далучыўшыся да Еўрапейскага саюза, Беларусь зможа стаць па-сапраўднаму незалежнай, квітнеючай і дэмакратычнай краінай, у якой беларускае грамадства зможа раскрыць свой поўны патэнцыял.

    Я веру, што Беларусь зможа не толькі атрымаць выгаду, але і зрабіць значны ўклад у еўрапейскую эканоміку і стаць яе неад’емнай часткай. Дэмакратычная Беларусь адкрые свой рынак і будзе вітаць замежныя інвестыцыі.

    Я ўпэўненая, што Беларусь можа стаць прыкладам паспяховага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. На гэтым шляху мы разлічваем на вашую салідарнасць, ваш досвед і вашую гатоўнасць дзейнічаць.

    Дарагія сябры,

    Перад намі Год вялікіх выбараў, і я нагадваю ўсім дэмакратычным краінам: беражыце і абараняйце сваю дэмакратыю.

    Прыклад Беларусі паказвае, што яе лёгка страціць, але вельмі цяжка вярнуць.

    Падтрымлівайце тых, хто імкнецца да дэмакратыі. Таму што гэтая барацьба глабальная, і мы мусім быць разам.

    Падтрымайце Беларусь! Падтрымайце Украіну. Падтрымайце дэмакратычную Еўропу».

    Апошнія навіны