Сёння дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі сустрэўся з дырэктаркай Дэпартамента замежных справаў Канцылярыі Прэм’ер-міністра Польшчы Малгажатай Латкевіч-Паўляк.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі асноўныя планы на 2026 год і шляхі больш шчыльнага супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, з акцэнтам на практычныя крокі і каардынацыю дзеянняў.
Адным з галоўных прыярытэтаў застаецца дапамога беларусам і беларускам, якія знаходзяцца ў Польшчы. Малгажата Латкевіч-Паўляк пацвердзіла гатоўнасць Польшчы працягваць практычную падтрымку.
Дзяніс Кучынскі адзначыў:
«Мы ўдзячныя Польшчы за падтрымку беларусаў як у самой Польшчы, так і за яе межамі, а таксама — за адкрытасць і гатоўнасць да паглыблення супрацоўніцтва. На сустрэчы мы абмеркавалі асноўныя напрамкі працы на бліжэйшыя месяцы і год. Перамовы дапамаглі сінхранізаваць нашыя падыходы і зафіксаваць, што важна на бліжэйшы час.
Мы знаходзімся ў сталай камунікацыі з прэм’ер‑мінiстрам Дональдам Тускам і яго камандай у Канцылярыі».
