Сёння раніцай шмат беларусаў у Літве атрымалі званкі ад людзей, якія прадставіліся супрацоўнікамі Дэпартамента міграцыі. Тыя, хто тэлефанаваў, паведамлялі, што чалавек прызнаны пагрозай нацыянальнай бяспецы і што яму неабходна пакінуць тэрыторыю краіны.
Офіс Святланы Ціханоўскай аператыўна звязаўся з Дэпартаментам міграцыі Літвы і знаходзіцца ў цесным кантакце з літоўскім бокам. На дадзены момант на сайце Дэпартамента можна знайсці заяву аб тым, што орган не мае дачынення да гэтай правакацыі.
Мы не ведаем, з якой мэтай яна адбылася і якое кола людзей стала адрасатам званкоў. Магчыма, мэтай з’яўляецца заблытаць ці запалохаць беларусаў, альбо выклікаць паніку. Таксама правакацыя можа быць часткай фішынг-афёры ці іншага кшталту махлярства.
Офіс Святланы Ціханоўскай просіць беларусаў быць максімальна ўважлівымі і правяраць інфармацыю, якая паступае. Важна: уся афіцыйная інфармацыя ад Дэпартамента міграцыі з’яўляецца ў асабістым кабінеце чалавека на сайце Дэпартамента.
Калі вы сутыкнуліся з пагрозамі ці падазронай інфармацыяй, не бойцеся тэлефанаваць па нумары 112 і запытваць дапамогу ці кансультацыю.