Сёння, у Дзень Волі, Святлана Ціханоўская звярнулася да дэпутатаў Літоўскай Рэспублікі на пленарным пасяджэнні Сейма. У прамове яна ўшанавала доўгую гісторыю сяброўства паміж беларусамі і літоўцамі, а таксама падзякавала за дапамогу рэпрэсаваным, падтрымку беларускіх арганізацыяў у выгнанні і выразную пазіцыю адносна рэжыму.
Ціханоўская адзначыла: беларусы працягваюць барацьбу за свабоду ва ўмовах рэпрэсіяў і паўзучай акупацыі Расіяй. Прамова, у сваю чаргу, закранула шырокі спектр актуальных тэмаў – ад бяспекі рэгіёну да гістарычнага партнёрства і будучыні Беларусі як часткі еўрапейскай сям’і.
«Сёння ў Мінску ўзурпатар праводзіць чарговую фэйкавую «інаўгурацыю». Гэта марная спроба «перагарнуць старонку» і вярнуць сабе легітымнасць. Але гэтага не адбудзецца. Беларусы як не прызнавалі дыктатара, так і не прызнаюць.
Ён павінен панесці адказнасць за злачынствы: за вайну супраць Украіны, за гібрыдныя атакі супраць Літвы, захоп самалёта. За тэрор супраць беларусаў. І Літва ўжо зрабіла першы крок у гэтым напрамку – летась супраць рэжыму быў пададзены пазоў у Міжнародны Крымінальны Суд, які мы падтрымліваем.
Наперадзе нас чакае доўгі працэс аднаўлення справядлівасці і законнасці. Мы не ведаем, як і калі наступяць перамены, але мы да іх рыхтуемся і набліжаем гэты момант.
Сёння, у гэтай зале, я заклікаю вас і надалей падтрымліваць беларусаў і нашую барацьбу. Падтрымлівайце незалежных журналістаў, праваабаронцаў, культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы. Працягвайце прымаць рэпрэсаваных, палітвязняў, а таксама беларускіх ветэранаў, што ваявалі за Украіну.
Але прашу вас: ізалюючы рэжым, не будуйце новай жалезнай заслоны!
Візы і захаванне пасажырскага руху – усё гэта ўмацоўвае сувязь беларусаў з Еўропай. Мяжа з Літвой сёння – гэта мяжа са свабодным светам».