• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Маніторынг актыўнасці інстытуцый «мяккай сілы» Расіі ў Беларусі ў студзені – чэрвені 2026 г. 

    17 жніўня, 2026

    Кароткае рэзюмэ. У першай палове 2026 г. Расія працягнула пашыраць у Беларусі інфраструктуру «мяккай сілы»: сетку дыпламатычных прадстаўніцтваў, устаноў фонду «Рускі мір» і звязаных з імі арганізацый. Найбольш актыўнымі кірункамі сталі прасоўванне расійскага ідэалагічнага дыскурсу, праца з моладдзю, уплыў на гістарычную памяць. Асабліва заўважнай была дзейнасць «Россотрудничества», якая спалучала адукацыйныя і культурныя праграмы з прапагандай расійскай агрэсіі ва Украіне і апраўданнем анексіі ўкраінскіх тэрыторый. Іншыя структуры — «Дом Масквы», Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства і Фонд імя А. М. Гарчакова — засяроджваліся на патрыятычным выхаванні, мемарыяльнай палітыцы, працы з суайчыннікамі.

    Пашырэнне сеткі дыпламатычных прадстаўніцтваў. У лютым 2026 г. было абвешчана пра пашырэнне сеткі дыпламатычных прадстаўніцтваў РФ у Беларусі. Гаворка ідзе пра адкрыццё аддзяленняў амбасады Расіі ў Віцебску, Магілёве і Гомелі. Апроч Беларусі, нідзе ў свеце Расія не мае падобных дыпламатычных адзінак. Апроч іх, генеральныя консульствы Расіі дзейнічаюць у Брэсце і Гародні. Падобную шчыльнасць дыппрадстаўніцтваў Расія мае толькі ў Кітаі. Адкрыццё аддзяленняў амбасады тлумачаць узмацненнем міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Вядома, што консульскія паслугі яны аказваць не будуць. Разам з тым у дзейнасці аддзялення ў Віцебску відавочнае імкненне да ўсталявання кантактаў з сілавымі структурамі.

    Прадстаўніцтвы «Россотрудничества» — самая разгалінаваная сетка ўстаноў па прасоўванні ідэалогіі «Рускага міру» ў Беларусі. Яна ўключае чатыры так званыя «Рускія дамы» ў Мінску, Гомелі, Брэсце і Гародні, а таксама інфармацыйна-культурны цэнтр «Усё пра Расію» ў Магілёве. Шчыльнасць сеткі ў Беларусі не мае аналагаў у свеце. Звычайна ў замежнай краіне адкрываецца адно-два прадстаўніцтвы гэтай арганізацыі. Колькасць прадстаўніцтваў «Россотрудничества» ў Беларусі большая, чым у Казахстане і Індыі (па чатыры ў кожнай краіне). Пашырэнне сеткі прыпадае на перыяд пасля 2020 г., калі былі адкрытыя прадстаўніцтвы ў Брэсце, Гародні і Магілёве. Пра апошняе вядома, што гэта сумесны праект «Россотрудничества» і Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі, адкрыты на базе яе Магілёўскага філіяла.

    Колькасць падпісчыкаў у Telegram у «Рускага дома» ў Мінску складае 2300 чалавек, сярэдняя колькасць праглядаў аднаго допісу — каля 300; у Гомелі — адпаведна 1300 і 350, у Брэсце — 560 і 150, у Гародні — 540 і 200. Вядома, што ў гомельскім доме занята да 10 супрацоўнікаў.

    «Рускія дамы» ў Беларусі маюць шырокую сетку партнёрскіх арганізацый. Сярод іх згадваюцца набліжаныя да адміністрацыі Лукашэнкі і КДБ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, партыя «Белая Русь», яе маладзёжнае крыло «Іскра», БРСМ, гар- і аблвыканкамы, культурны цэнтр «Каўчэг» Свята-Елізавецінскага манастыра ў Мінску. Сярод наведвальнікаў мерапрыемстваў заўважныя курсанты Мінскай сувораўскай і кадэцкіх вучэльняў, сябры ваенна-патрыятычных клубаў.

    Афіцыйна прадстаўніцтвы «Россотрудничества» займаюцца правядзеннем конкурсаў на навучанне ў расійскіх універсітэтах, падтрымкай суайчыннікаў за мяжой і прасоўваннем рускай мовы і культуры ў свеце. Стыпендыі на навучанне пакрываюць уласна выдаткі на навучанне, пражыванне і праезд да месца вучобы. Апошнія гады для Беларусі выдзяляецца да 1300 месцаў. «Россотрудничество» праводзіць уласны конкурс на гэтыя месцы. Удзельнікі павінны паспяхова здаць дыстанцыйныя іспыты па двух з шасці прапанаваных прадметаў. Статыстыка сведчыць, што сёлета найбольшая колькасць ахвотных была на іспыце па рускай мове — 549 чалавек, з якіх прахадныя балы атрымалі 477. То бок гэта значна менш за колькасць прапанаваных месцаў.

    Пэўную долю актыўнасцяў складаюць мерапрыемствы па падтрымцы рускай мовы і культуры. 

    Але менавіта прадстаўніцтвы «Россотрудничества» вылучаюцца асабліва агрэсіўным прасоўваннем ідэалагічнага дыскурсу, перадусім у форме адкрытай прапаганды агрэсіі ва Украіне. Дзеля гэтага шырока выкарыстоўваліся паказы дакументальных фільмаў «Пазыўны Буханка», «Данбас: шлях да міру», «Ціхі тыл», «Культурны фронт», у тым ліку створаных беларускімі афіцыйнымі медыя: «Айдар. Канцлагер XXI стагоддзя».

    Паказы кінастужак нярэдка суправаджаюцца сустрэчамі з рэальнымі ўдзельнікамі агрэсіі ва Украіне. Напрыклад, у Гародні — з Юрыем Зотавым, які падзяліўся «сваім асабістым досведам удзелу ў СВА». Такія падзеі суправаджаюцца банерамі «Ад Гарадзеншчыны — байцам СВА», вырабам паштовак «для байцоў СВА» з запрашэннем гараджанам «пакідаць на іх навагоднія і калядныя пажаданні байцам СВА», зборам пасылак да Дня абаронцы Айчыны — насамрэч удзельнікам агрэсіі ва Украіне, заклікамі накіроўваць ім «невялікія паштоўкі ці лісты з цёплымі словамі падзякі, зробленыя сваімі рукамі».

    Падтрымка СВА рэгулярна згадваецца на пасяджэннях гістарычных клубаў пры «Рускіх дамах» у Мінску і Гомелі «ў кантэксце пераемнасці пакаленняў і абароны гістарычнай праўды».

    З тэмай рэабілітацыі агрэсіі ва Украіне цесна звязаны сюжэт апраўдання анексіі тэрыторый украінскай дзяржавы. Дзеля гэтага выкарыстоўваецца адзначэнне каляндарных дат нібыта ўз’яднання, абвяшчэння незалежнасці і г. д. Напрыклад, Дзень абвяшчэння Данецкай рэспублікі, 12-я ўгодкі захопу Крыма, дата, прымеркаваная да рэферэндуму 1991 года, на якім большасць крымчан выказалася за аднаўленне Крымскай аўтаноміі, і інш.

    Апроч спецыфічных падзей і імпрэзаў, прыладай уплыву на сферу гістарычнай памяці з’яўляецца каляндар дат, сфакусаваных на ваеннай гісторыі, перадусім на Другой сусветнай вайне. Да яго прывязаныя шматлікія фестывалі, конкурсы, квізы, анлайн-флэшмобы і г. д. У якасці прыкладу можна прывесці конкурс «Патрыятычны плакат у савецкім стылі», тэмай якога стаў «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне».

    «Рускія дамы» актыўна падтрымлівалі правядзенне шэсцяў «Бессмертный полк», на якія раней у Беларусі не давалі афіцыйнага дазволу. 9 мая гэтага года такія акцыі былі праведзеныя ў сталіцы і ўсіх абласных цэнтрах, апроч Гомеля.

    Актыўнасць «Россотрудничества» выклікае як мінімум раздражненне з боку рэжыму Лукашэнкі. Ускосным сведчаннем гэтага з’яўляецца допіс кіраўніка «Рускага дома» ў Гомелі Аляксандра Маржухіна, у якім ён скардзіцца на «не заўсёды зразумелае і неканструктыўнае стаўленне да нашай дзейнасці з боку некаторых арганізацый і ўстаноў» і нагадвае, што яго ўстанова «працуе легітымна і ў прававым полі». Вядома, што раней Лукашэнка крытычна выказваўся пра дзейнасць «Россотрудничества» ў Беларусі, заяўляючы, што «беларусаў не трэба агітаваць за Расію».

    Сетка ўстаноў фонду «Рускі мір» уключае некалькі так званых кабінетаў і секцый у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце, Магілёўскай абласной бібліятэцы, Віцебскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, сярэдняй школе № 3 у Мёрах. 24 мая ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны адбылося адкрыццё Кабінета рускай лінгвакультуры (Кабінета Рускага свету).

    У адрозненне ад устаноў «Россотрудничества», прадстаўніцтвы «Рускага міру» ў большай ступені сфакусаваныя на прасоўванні рускай літаратуры і культуры. Гістарычная тэматыка прадстаўленая збольшага календаром памятных дат, звязаных з Другой сусветнай вайной. Сярод прыкладаў можна прывесці літаратурную гадзіну, прысвечаную пісьменнікам-франтавікам у Брэсце, патрыятычную гульню «1941—1945 гг. Мы памятаем», літаратурна-патрыятычную кампазіцыю «Лірыка франтавога пакалення» у Магілёве і інш.

    Актыўнасць «Дома Масквы» ў Мінску шмат у чым дублюе мерапрыемствы прадстаўніцтваў «Россотрудничества». Афіцыйна яго асноўная мэта — падтрымка расійскіх суайчыннікаў, умацаванне добрасуседскіх адносін паміж Масквой і Мінскам і фарміраванне пазітыўнага іміджу ўрада Масквы ў Рэспубліцы Беларусь. Тут праводзяцца фестывалі, канцэрты, выставы, форумы і майстар-класы. Ажыццяўляецца сацыяльная дзейнасць, накіраваная на падтрымку і развіццё рускай мовы і культуры. Падкрэсліваецца ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі ў Беларусі.

    Telegram-канал «Дома Масквы» мае 765 падпісчыкаў. Партнёрамі «Дома Масквы», апроч арганізацый расійскіх суайчыннікаў, з’яўляюцца «Беларускі саюз афіцэраў», «Беларускі саюз ваенных маракоў», «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

    Апроч мерапрыемстваў, звязаных з рускай літаратурай і тэатральнай культурай, «Дом Масквы» займаецца сістэматычнай прапагандай, змест якой супадае з ідэалогіяй «Рускага міру». Гэта спалучэнне савецкага, імперскага, манархісцкага і праваслаўнага парадкаў дня з асаблівым фокусам на ваеннай гісторыі, перадусім на Другой сусветнай вайне. Каляндар памятных дат у першай палове 2026 г. уключае дзень нараджэння Аляксандра III, дзень увядзення рускай мовы ў якасці абавязковага прадмета ў СССР, Дзень марака-падводніка і г. д.

    «Дом Масквы» бярэ ўдзел ва ўцягванні беларускай моладзі ў арбіту мерапрыемстваў «Рускага міру», у тым ліку ў конкурсны адбор на міжнародную змену «Мост дружбы: Расія і свет» у «Артэку» ў Крыме, а таксама ў шматлікія конкурсы, звязаныя з Днём Перамогі (конкурс дзіцячых малюнкаў «Малюем перамогу», конкурс вершаў і песень «Сувязь пакаленняў: радкі Перамогі» з намінацыямі «Паэтычны голас Перамогі», «Мелодыя Перамогі», «Натхненне Перамогі: аўтарскія працы»).

    У першай палове 2026 г. на пляцоўцы «Дома Масквы» былі праведзеныя круглы стол «Дыялог суайчыннікаў. Актуальныя пытанні і ўзаемадзеянне», а таксама канферэнцыя суайчыннікаў з краін блізкага замежжа.

    Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства — адзін з найбольш актыўных гульцоў з расійскага боку ў беларускай прасторы. Таварыства не мае ў Беларусі прадстаўніцтва са статусам юрыдычнай асобы, але мае афіцыйнага прадстаўніка — Вадзіма Лакізу, які адначасова з’яўляецца дырэктарам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўны партнёр Таварыства — Цэнтр ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

    РВГТ вядомае ў Беларусі прасоўваннем кампаніі па ўсталяванні помнікаў асобам, звязаным з расійскай імперскай і савецкай ваеннай гісторыяй. У 2025 г. былі ўсталяваныя помнік Канстанціну Ракасоўскаму і Паклонны крыж воінам Рускай імператарскай арміі, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны. На 2026 г. запланавана і ўзгоднена адкрыццё помніка Івану Паскевічу. У больш аддаленых планах — помнікі генерал-лейтэнанту авіяцыі Якаву Смушкевічу, ваеннаму разведчыку генерал-лейтэнанту Аляксандру Трусаву, генерал-лейтэнанту Даніілу Казакевічу, разведчыку Навуму Эйтынгону, а таксама аднаўленне гістарычнага вобраза графа Мікалая Румянцава ў Гомелі.

    З дзейнасцю таварыства звязаная Сумесная расійска-беларуская камісія па гісторыі. Рабочым і экспертным інструментам гэтай камісіі з’яўляецца Экспертна-кансультатыўны расійска-беларускі савет па гісторыі (ЭКС). Аналіз сайта Савета сведчыць, што яго дзейнасць не надта актыўная. Навіны абнаўляюцца, але маюць агульны характар — накшталт віншаванняў з Днём Перамогі ці Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. План публікацый на 2024—2025 гг., які ўключаў выданне падручнікаў па гісторыі Саюзнай дзяржавы, беларусістыцы і русістыцы, выкананы не быў.

    Фонд падтрымкі публічнай дыпламатыі імя А. М. Гарчакова вядзе актыўную дзейнасць у Беларусі праз фінансаванне праектаў, правядзенне адукацыйных праграм, навуковых стажыровак у Расіі і працу партнёрскага Цэнтра еўразійскай камунікацыі ў Мінску. Гэта адно з двух замежных прадстаўніцтваў фонду.

    Ён займаецца прасоўваннем маладзёжных ініцыятыў і падрыхтоўкай аналітычных матэрыялаў па тэме Саюзнай дзяржавы. Яго дзейнасць уключае арганізацыю канферэнцый, дзелавых сустрэч, правядзенне культурных і адукацыйных праграм, а таксама работу з дзяржаўнымі органамі, міжнароднымі арганізацыямі і даследчымі структурамі краін СНД. Партнёрамі Цэнтра ў першай палове 2026 г. сталі Расійская рада па міжнародных справах, БРСМ, таварыства «Веды», філіял Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта і Універсітэт МІТСО.

    Дзейнасць Цэнтра ў першай палове года ўключала трэнінг для НКА, абмеркаванне стварэння падручніка па гісторыі Саюзнай дзяржавы для ВНУ, відэаканферэнцыю «Праблемы еўразійскай інтэграцыі і развіцця Саюзнай дзяржавы ў навуковым і навучальным дыскурсе Беларусі і Расіі» і г. д. Публічная рыторыка Цэнтра ў меншай ступені звязаная з ідэалогіяй «Рускага міру», аднак Цэнтр займаецца прасоўваннем «еўразійскіх культурных кодаў» і «славянскіх каштоўнасцяў», супрацьпастаўленых мадэлям паводзінаў Захаду.

    Высновы. У першай палове 2026 г. прысутнасць расійскіх інстытуцый «мяккай сілы» ў Беларусі заставалася маштабнай і працягвала пашырацца. Звяртае на сябе ўвагу беспрэцэдэнтнае павелічэнне шчыльнасці ўстаноў «мяккай сілы», якое не мае аналагаў у свеце. Улічваючы дамінаванне рускай мовы ў публічнай прасторы Рэспублікі Беларусь, відавочная надмернасць структур «мяккай сілы» сведчыць пра тое, што яны маюць прызначэнне адрознае ад афіцыйна абвешчанага. Найбольш разгалінаваную і ідэалагічна актыўную сетку сфарміравала «Россотрудничество», якое спалучала культурныя і адукацыйныя праграмы з прасоўваннем расійскіх ваенна-палітычных наратываў. Іншыя структуры канцэнтраваліся на працы з моладдзю і суайчыннікамі, уплыве на гістарычную памяць, мемарыяльнай палітыцы і папулярызацыі інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. У сукупнасці гэта сведчыць пра сістэмны характар расійскага гуманітарнага і ідэалагічнага ўплыву, які ажыццяўляецца праз дзяржаўныя, адукацыйныя, культурныя і грамадскія каналы.

    Апошнія навіны