16–17 чэрвеня ў Стакгольме адбудзецца форум «Жаночыя правы і дэмакратыя ў Беларусі 2025». Гэта форум высокага ўзроўню, арганізаваны Міжнароднай арганізацыяй IDEA ў партнёрстве з Міністэрствам замежных справаў Швецыі, Офісам Святланы Ціханоўскай і Групай па гендарнай роўнасці Аб’яднанага пераходнага кабінета пры падтрымцы Шведскага агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA). У ім прымуць удзел вядомыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху, грамадзянскай супольнасці і міжнародных інстытутаў.
Сярод іх будуць прысутнічаць: лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская, міністарка замежных справаў Швецыі Марыя Мальмер Стэнергард, міністр па пытаннях развіцця супрацоўніцтва і гандлю Швецыі Бенджамін Дуса, дзяржаўны сакратар па замежных справах Швецыі Даг Хартэліус, генеральны сакратар Міжнароднай арганізацыі IDEA Кевін Касас-Самар; амбасадарка Рэспублікі Польшчы ў Швецыі Караліна Астранёўская, амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Швецыі Лінас Лінкявічус, а таксама паважаныя эксперты ў сферы гендарнай роўнасці і пашырэння правоў жанчын.
Форум будзе прысвечаны ключавой ролі беларускіх жанчын у прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама пошуку інклюзіўных і гендарна-чуллівых шляхоў пераходу да дэмакратыі. Абмеркаванні будуць сканцэнтраваныя на палітычным лідарстве жанчын, палітычных і заканадаўчых рашэннях у сферы гендарнай роўнасці і мерах рэагавання на гендарны гвалт.
Адзін з ключавых момантаў — запуск Праграмы лідарства для беларускіх жанчын, якая прадугледжвае індывідуальную падтрымку дзеля ўмацавання лідарскага патэнцыялу, садзейнічанне ўзаемнаму навучанню і заахвочванне актыўнага ўдзелу ў дэмакратычных працэсах.
Форум накіраваны на ўмацаванне дыялогу, абмен досведам і выпрацоўку практычных стратэгіяў для пабудовы дэмакратычнай і інклюзіўнай будучыні ў Беларусі.