Сёння Святлана Ціханоўская выступіла на Радзе замежных спраў ЕС. Яна заклікала міністраў дзейнічаць рашуча і захоўваць адзінства па пытанні Беларусі. Падчас выступу яна паказала кулю, якую дасталі з лёгкага аднаго з актывістаў, які праходзіў рэабілітацыю ў Чэхіі па праграме MEDEVAC, і заклікала пашырыць дапамогу для пацярпелых, сем'яў рэпрэсаваных і СМІ.
Пасля прамовы Ціханоўскай міністры 15 краін задавалі ёй пытанні пра санкцыі, сітуацыю ўнутры рэжыму і Усёабдымны план эканамічнай дапамогі Беларусі. Абраная лідарка адказала, што толькі сумесныя дзеянні дапамогуць вырашыць гэты крызіс мірна.
Пасля гэтага Ціханоўская сустрэлася з прэм'ер-міністрам Люксембурга Ксаўе Бетэлем і еўракамісарам Оліверам Варгеліем. Яны абмеркавалі бяспеку журналістаў і актывістаў і тое, як можна ўзмацніць падтрымку малога бізнесу, студэнтаў і адукацыйныя праграмы, якія ЕС выдзеліў яшчэ ў пачатку гэтага года.
Ціханоўская і Варгелій сышліся на тым, што вельмі важна, каб ЕС не толькі ўводзіў санкцыі супраць рэжыму, але і дапамагаў беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта не толькі План эканамічнай дапамогі, паколькі многім беларусам патрэбна дапамога прама зараз – і ЕС можа яе даць.
У кулуарах Ціханоўская паразмаўляла з міністаркай замежных спраў Швецыі і кіраўніцай АБСЕ Ан Ліндэ, кіраўніком МЗС Польшчы Збігневам Раў і МЗС Даніі Епэ Кофад. Таксама адбылася размова з міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шалянбергам, з якім абмеркавалі ў тым ліку сітуацыю з нібыта спробай Аўстрыі заблакаваць санкцыі супраць рэжыму.
Працоўны візіт Святланы Ціханоўскай працягваецца ў Бруселі.