Завяршылася двухдзённая Міжнародная канферэнцыя «Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі». У першы дзень на канферэнцыі выступілі віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Клара Добраў, генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла, генеральны сакратар International IDEA Кевін Касас-Замору, Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Франак Вячорка і іншыя палітыкі і прадстаўнікі дэмакратычных сіл.
У другі дзень адбылася дыскусія аб рэформе выбарчага працэсу. У ёй прынялі ўдзел кіраўніца ЦВК Грузіі Тамара Жванія, генеральны сакратар Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Еўропы Жолт Салнокі і іншыя эксперты па выбарах.
Прадстаўнік Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык: «Канферэнцыя паказала тры найважнейшыя рэчы:
1) Вырашэнне крызісу магчыма праз перамовы. Толькі так мы прыйдзем да вырашэння, якое задаволіць усіх у Беларусі.
2) Беларусь можа правесці сумленныя і свабодныя выбары – нам патрэбна палітычная воля, за якую мы змагаемся, а веды і здольнасці ў нас ужо ёсць.
3) На гэтай канферэнцыі з'явілася шмат ідэй – мы рыхтуем новыя міні-канферэнцыі, каб абмеркаваць усе гэтыя прапановы.
Тое, што мы бачым у апошнія тыдні ў Беларусі, не павінна адцягваць нас ад асноўнай мэты – дэмакратычных пераўтварэнняў пры дапамозе выбараў. Мы павінны быць гатовыя тэхнічна і юрыдычна, а для гэтага нам трэба ўжо зараз казаць пра канкрэтныя ідэі, рашэнні і механізмы новых выбараў. Мы ўдзячныя ЦВК і экспертам іншых краін за іх падтрымку і вопыт. Мы гатовыя і далей адкрыта і галосна абмяркоўваць усе ідэі».
Запіс першага дня – па спасылцы.
Запіс другога дня – па спасылцы.