• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дэмакратычныя сілы склалі сумесны зварот і даслалі лісты з агульнай пазіцыяй ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і ў АБСЕ

    20 студзеня, 2022

    Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада, Народнае Антыкрызіснае Кіраўніцтва заклікалі:

    1. Выступіць з афіцыйнымі заявамі пра непрызнанне за Лукашэнкам права на правядзенне рэферэндуму. Гэта пазбавіць рэферэндум якой-небудзь палітычнай і юрыдычнай значнасці, перакрэсліць планы рэжыму на аднаўленне страчанай легітымнасці.

    2. Заявіць, што ў выпадку працягу рэпрэсій у дачыненні да беларусаў, якія не падтрымліваюць імітацыйны «рэферэндум», супраць рэжыму Лукашэнкі будуць ужытыя далейшыя кансалідаваныя санкцыі.

    3. Зноў публічна падтрымаць патрабаванні беларускага народа пра тое, што адзіным устойлівым выхадам з крызісу ў Беларусі з'яўляецца вызваленне палітвязняў і правядзенне новых датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам.

    Тэкст ліста на беларускай мове (пераклад з англійскай):

    «У канцы лютага 2022 года нелегітымны рэжым Аляксандра Лукашэнкі мае намер здзейсніць чарговае злачынства супраць беларускага народа – правесці так званы рэферэндум па змене Канстытуцыі.

    Нягледзячы на ​​страту легітымнасці пасля паразы на сфальсіфікаваных выбарах у жніўні 2020 года, рэжым апублікаваў тэкст змененай Канстытуцыі для вынясення на «рэферэндум» з мэтай імітацыі абноўленай легітымнасці. Беларусам будзе прапанавана зрабіць безальтэрнатыўны, не заснаваны на іх рэальных інтарэсах выбар паміж старой Канстытуцыяй, якая надзяліла Лукашэнку суперпрэзідэнцкімі паўнамоцтвамі, і новай Канстытуцыяй, якая далей умацуе яго ўладу праз стварэнне новага органа з практычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі – Усебеларускага народнага сходу. Высокая верагоднасць, што месца старшыні УНС зойме сам Лукашэнка, захаваўшы пасаду прэзідэнта.

    Акрамя таго, праект, які навязваецца рэжымам, прадугледжвае пажыццёвы імунітэт для Лукашэнкі і яго абарону ад судовага пераследу за злачынствы, здзейсненыя ім на пасадзе прэзідэнта. Сярод прапанаваных паправак дэманстратыўная адмова ад імкнення Беларусі да нейтралітэту і бяз'ядзернага статусу – пазіцыяў, якія карыстаюцца шырокай падтрымкай беларусаў.

    У выніку паразы на выбарах Лукашэнка і ўся выканаўчая ўлада страціла сваю легітымнасць, права прадстаўляць інтарэсы народа і прымаць палітычныя рашэнні ад яго імя. Ва ўмовах палітычных рэпрэсій само правядзенне рэферэндуму немагчымае: ў краіне каля тысячы палітвязняў, амаль трыста ліквідаваных НДА, забаронена дзейнасць практычна ўсіх незалежных СМІ. Як следства – адсутнічаюць магчымасці для свабоднага абмеркавання прапанаваных паправак, выбарчыя камісіі фармуюцца непразрыста, а незалежнае назіранне за працэсам галасавання немагчыма.

    Пры гэтым уладамі ігнаруюцца запыты грамадства, у прыватнасці, праект Канстытуцыі, распрацаваны Грамадскай канстытуцыйнай камісіяй, створанай па ініцыятыве дэмакратычных сілаў. Яго распрацоўка вялася больш за два гады адкрыта і прайшла грамадскія абмеркаванні. Гэты праект не плануецца выносіць на рэферэндум, што абмяжоўвае выбар грамадзян Беларусі.

    У любым выпадку, галасаванне як «за» так і «супраць» паправак будзе прымальна для Лукашэнкі, але не будзе адлюстроўваць волю народа. Электаральная кампанія, якая адзіная адпавядае інтарэсам беларусаў, – гэта дэмакратычныя выбары новага прэзідэнта па міжнародных стандартах пасля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

    Менавіта таму дэмакратычныя сілы Беларусі распрацавалі і рэалізоўваюць адзіную стратэгію дзеянняў на рэферэндуме, заснаваную на наступных прынцыпах:

    – Мы не прызнаем за Лукашэнкам права прызначаць рэферэндум і адзначаем, што ва ўмовах парушэння ўсіх грамадзянска-палітычных правоў немагчыма забяспечыць адкрытыя, дэмакратычныя працэсы абмеркавання новай рэдакцыі Канстытуцыі і галасавання.

    – Мы заклікаем грамадзян Беларусі аб'явіць вотум народнага недаверу рэжыму Лукашэнкі: прыйсці на ўчасткі і зрабіць бюлетэні нядзейснымі любым зручным і даступным ім спосабам. Гэта адзіная легальная і бяспечная магчымасць пратэсту супраць «рэферэндуму» ў Беларусі сёння.

    Важна адзначыць, што, рэагуючы на ​​гэтую агульную стратэгію дзеянняў, улады ўжо актывізавалі пераслед актывістаў – павялічылася колькасць ператрусаў і іншых акцый запалохвання з боку сілавых і іншых дзяржаўных органаў.

    Напярэдадні незаконнага рэферэндуму мы звяртаемся да кіраўнікоў усіх дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый з заклікам аказаць рашучую падтрымку беларусам у барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

    Мы заклікаем:

    1. Выступіць з афіцыйнымі заявамі пра непрызнанне за Лукашэнкам права на правядзенне рэферэндуму. Гэта пазбавіць рэферэндум якой-небудзь палітычнай і юрыдычнай значнасці, перакрэсліць планы рэжыму на аднаўленне страчанай легітымнасці.

    2. Заявіць, што ў выпадку працягу рэпрэсій у дачыненні да беларусаў, якія не падтрымліваюць імітацыйны «рэферэндум», супраць рэжыму Лукашэнкі будуць ужытыя далейшыя кансалідаваныя санкцыі.

    3. Зноў публічна падтрымаць патрабаванні беларускага народа пра тое, што адзіным устойлівым выхадам з крызісу ў Беларусі з'яўляецца вызваленне палітвязняў і правядзенне новых датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам.

    Прынцыповая, паслядоўная і кансалідаваная пазіцыя міжнароднай супольнасці, заснаваная на павазе інтарэсаў беларускага народа, які рашуча адмовіўся прымаць вынікі сфальсіфікаваных выбараў 2020 года, не дазволіць рэжыму маніпуляваць «рэферэндумам» на міжнароднай арэне і стане важным складнікам падтрымкі беларусаў у іх барацьбе за дэмакратычныя правы, свабоды і правы чалавека.»

    Увесь тэкст ліста – на сайце Святланы Ціханоўскай.

    Апошнія навіны