Учора, 5 ліпеня, падчас працоўнага візіту ў Польшчу Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з міністрам аховы здароўя Польшчы Адамам Нядзельскім. Удзел у сустрэчы прынялі таксама прадстаўнікі Фонда медыцынскай салідарнасці. Яны паказалі спіс праблемных пытанняў, з якімі сутыкаюцца беларускія медыкі ў Польшчы.
У любой краіне медыкі павінны прайсці складаную працэдуру настрыфікацыі дыпломаў, пацверджання адукацыі, кваліфікацыі і вопыту. Гэты працэс для беларускіх медыкаў ускладняецца праз немагчымасць атрымання пэўных дакументаў ад беларускіх дзяржаўных органаў (Міністэрства аховы здароўя, МЗС) або установаў (універсітэты).
Міністр праінфармаваў Святлану Ціханоўскую, што ўжо 795 медыкаў з Беларусі атрымалі дазвол на працу ў Польшчы.
Міністр Нядзельскі і беларуская лідарка пагадзіліся, што ўжо ў найбліжэйшыя тыдні Міністэрства надасць спрошчаную схему атрымання дазволу на практыку для беларускіх дактароў. Міністэрства аховы здароўя Польшчы не будзе патрабаваць апастыль. Таксама міністр запэўніў Ціханоўскую, што міністэрства зацікаўленае ў стварэнні спрыяльных умоваў для працы беларускіх медыкаў.
Фонд медыцынскай салідарнасці апублікуе навіны, калі яны з’явяцца.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна, каб беларускія медыкі не гублялі практычныя навыкі, маглі развівацца і пасля пераменаў вярнуцца ды працягваць працу ў новай Беларусі.